Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы былі ў шоку». Бібліятэкі трох абласьцей адмовіліся ад бясплатнага пяцітомніку Алексеівіч


Бібліятэкі трох абласьцей Беларусі адмовіліся прыняць у падарунак пяцітомнік Сьвятланы Алексіевіч «Галасы ўтопіі», выдадзены сёлета на беларускай мове і без цэнзурных правак, піша «Салідарнасць».

Збор грошай на «Галасы ўтопіі» пабіў беларускі рэкорд краўдфандынгу. Да кампаніі на пляцоўцы Ulej далучыліся 660 чалавек, якія агулам ахвяравалі 231 942 рублі, гэта 580% ад неабходнай сумы. Першапачаткова арганізатары кампаніі плянавалі сабраць 40 000 рублёў.

Пры гэтым «Белгазпрамбанк» замовіў 15 000 асобнікаў кніг Алексіевіч для бязвыплатнай перадачы ў абласныя і раённыя бібліятэкі па ўсёй краіне.

Як паведаміў 20 сьнежня падчас прэс-канфэрэнцыі на пляцоўцы Ulej.by кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, першымі атрымалі падарункі бібліятэкі Віцебска і Віцебскай вобласьці, а таксама Менска і Менскай вобласьці. Аднак бібліятэкі трох абласьцей краіны (Горадзенскай, Берасьцейскай і Магілёўскай) ад кніг адмовіліся — маўляў ім і так хапае.

«Мы былі рэальна ў шоку, — сказаў Віктар Бабарыка, дадаўшы, што і ён, і яго калегі ў банку моцна разгубіліся, атрымаўшы адмову. — Чаму не трэба — задаваць пытаньні няма каму і няправільна».

Віктар Бабарыка на прэзэнтацыі пяцітомніка
Віктар Бабарыка на прэзэнтацыі пяцітомніка

«Салідарнасць» стэлефанавалася з кіраўніцтвам бібліятэк і спытала, чаму яны адмаўляюцца ад кніг нобэлеўскага ляўрэата.

«Некаторыя кіраўнікі спасылаліся на тое, што не прымаюць такія рашэньні самастойна, і ківалі на вышэйшае начальства — ідэолягаў. Тыя, у сваю чаргу, не змаглі даць выразны адказ, паколькі „не даюць камэнтары па тэлефоне“ або не валодаюць сытуацыяй», — піша выданьне.

У адказ банк запусьціў кампанію па распаўсюдзе пяцітомніка «Галасы ўтопіі» сярод бібліятэк трох абласьцей.

«На сайце lib.artbelarus.by любы прадстаўнік бібліятэкі гэтых абласьцей можа замовіць тую колькасьць камплектаў, якое ён лічыць патрэбным для сваёй бібліятэкі. Чытачы гэтых бібліятэк таксама могуць прапанаваць зрабіць заказ іх супрацоўнікам», — патлумачыў Віктар Бабарыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG