Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры ўзросты, калі мы найбольш востра адчуваем адзіноту


Паводле новага амэрыканскага дасьледаваньня, тры з чатырох дарослых жыхароў краіны паведамілі, што ў той ці іншай ступені адчуваюць адзіноту.

Таксама навукоўцы выявілі, што найбольш востра людзі адчуваюць адзіноту на працягу трох пэрыядаў іх жыцьця.

З новым дасьледаваньнем чытачоў амэрыканскага бізнэс-парталу marketwatch.com знаёміць Міра Джаганатан. Вынікі дасьледаваньня былі апублікаваныя ў часопісе International Psychogeriatrics.

Крытычны ўзрост

Дасьледаваньне праводзілася ў горадзе Сан-Дыега. У ім узялі ўдзел 340 чалавек ва ўзросьце ад 27 да 101 году.

76% зь іх паведамілі, што адчуваюць адзіноту рознага ўзроўню — ад памяркоўнага да высокага.

Аказалася, што дарослыя людзі найбольш востра адчуваюць сваю адзіноту ва ўзросьце пасьля 20, 50 і 80 гадоў.

Што такое адзінота

Аўтары дасьледаваньня тлумачаць, што пад адзінотай яны разумеюць суб’ектыўнае адчуваньне стрэсу, трывогі і страху, якое ўзьнікае ў выніку разрыву паміж чаканым і рэальным узроўнем сацыяльных кантактаў чалавека.

Адзін з аўтараў дасьледаваньня Дыліп Джэст, прафэсар псыхіятрыі з Унівэрсытэту Каліфорніі, патлумачыў гэта наступным чынам: чалавек можа быць жанаты або мець сяброў і ўсё роўна адчуваць сябе самотным, бо справа сапраўды ідзе пра разрыў паміж чаканымі і рэальнымі сацыяльнымі сувязямі.

Дасьледчыкі выкарысталі агульнапрынятую шкалу адзіноты UCLA з 20 пунктаў, у якой не выкарыстоўваецца слова «адзінота», але маецца, напрыклад, пытаньне «Як часта вы адчуваеце, што вам няма да каго зьвярнуцца». Таксама ўдзельнікі запаўнялі анкету са шкалой сацыяльнай ізаляцыі з чатырох пунктаў і адказвалі на пытаньне, як часта яны адчувалі адзіноту на працягу мінулага тыдня.

Чаму гэтыя лічбы

Дасьледнікі былі зьдзіўленыя, што ў лік найбольш рызыкоўных для адзіноты ўзростаў трапілі людзі пасьля 20 і 50 гадоў. Дагэтуль лічылася, што пачуцьцё адзіноты ўласьцівае часьцей старым людзям.

На думку мэдыкаў, у канцы трэцяга дзесяцігодзьдзя жыцьця ў чалавека ўзьнікае стрэсавая сытуацыя, зьвязаная з жыцьцёвым шляхам — пошук працы, выбар партнэра і т. д.

Сярэдзіна шостага дзясятка жыцьця зьвязваецца з крызісам сярэдняга веку, калі ў чалавека зьяўляюцца хваробы і ён пачынае страчваць бацькоў і сяброў.

І, нарэшце, тыя, хто дажывае да 80-ці гадоў, зазнаюць найбольш вострыя эмоцыі, зьвязаныя з адзінотай — у іх натуральным чынам пагаршаецца здароўе, яны цяжэй пераносяць хваробы і трацяць многіх блізкіх ім людзей.

Як пераадолець адзіноту

Камэнтуючы вынікі дасьледаваньня, яго аўтары кажуць, што сацыяльная ізаляцыя пасьля 65 гадоў — гэта вялікая праблема.

Але, кажуць мэдыкі, існуюць і шляхі яе вырашэньня — ня трэба баяцца размаўляць зь людзьмі пра свае праблемы. Як толькі вы пагаворыце з кімсьці пра адзіноту, можа аказацца, што тое самае адчувае і ваш суразмоўца. Вы таксама можаце даведацца, як ён дае рады сваёй адзіноце.

Пераадольваць сацыяльную ізаляцыю дапамагаюць глыбокія і якасныя дачыненьні паміж партнэрамі ці сужэнцамі і нават чытаньне раманаў, героі якіх змагаюцца з адзінотай.

Мудры — не самотны

І яшчэ адна нечаканая выснова мэдыкаў. Яны знайшлі трывалую сувязь паміж адзінотай і мудрасьцю — чым больш мудры чалавек, тым менш ён адчувае адзіноту.

Застаецца дадаць, што ў амэрыканскіх псыхіятраў ёсьць і сваё азначэньне мудрасьці.

Гэта — кантроль над эмоцыямі, спачуваньне, суперажываньне, альтруізм, самарэфлексія, прыняцьце нявызначанасьці, рашучасьць і здольнасьць пераймаць сацыяльны вопыт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG