19 сьнежня на сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дэпутаты выключылі з законапраекту аб зьменах у Крымінальны кодэкс папраўкі ў так званы «наркатычны» 328-ы артыкул Крымінальнага кодэксу.
Наступная сэсія пачнецца толькі 2 красавіка. Тады да разгляду зьменаў у 328 артыкул могуць вярнуцца разам зь іншымі карэкціроўкамі.
Паводле дэпутата Васіля Чэкана, які прадстаўляў дакумэнт на сэсіі, застаюцца супярэчнасьці зь «некаторымі дзяржаўнымі структурамі адносна мэтазгоднасьці зьмякчэньня пакараньня».
Пазьней ён удакладніў для журналістаў, што гаворка пра МУС і Вярхоўны суд.
«Альбо будзе зноў эстафэтная галадоўка, альбо мітынгі»
Ларыса Жыгар, старшыня руху «Маці-328», актывісты якога дамагаліся зьмякчэньня пакараньня па гэтым артыкуле, не хавала абурэньня.
«Мы вельмі расчараваныя, але галоўнае, што апроч нас вельмі расчараваныя і тыя хлопцы, якія з дня на дзень чакалі рашэньня Палаты прадстаўнікоў. Што ўсё ж такі да Новага году Палата прадстаўнікоў ухваліць у другім чытаньні гэты законапраект са зьменамі ў 328 артыкул. Але падарунак аказаўся іншы — зьмены адклалі, і цяпер абяцаюць ужо вясну, і тое не абавязкова.
Але хай ведаюць, што мы ня спынімся. Ужо вырашана, што заўтра нашы актывісткі прыйдуць да Палаты прадстаўнікоў, а калі ня будзе прынята рашэньне аб падаўжэньні сэсіі, каб прыняць законапраект у тым выглядзе, які быў намечаны раней, значыць, маці пойдуць на пратэставыя захады. Іх ужо не спыніць. Альбо будзе зноў эстафэтная галадоўка, альбо мітынгі паводле заявак», — сказала Ларыса Жыгар.
Тацяна Канеўская з Калінкавічаў, удзельніца травеньскай галадоўкі актывістак «Маці 328», таксама зьбіраецца 20 сьнежня прыйсьці да Палаты прадстаўнікоў.
«Няма словаў, каб патлумачыць, што адбываецца. Гэта адкрытая хлусьня, што нібыта мы самі прапанавалі яшчэ дапрацаваць зьмены ў артыкул 328 і таму трэба іх зьняць з галасаваньня. Нас зноў падманваюць. Хто насамрэч прыняў такое рэзкае рашэньне, мне невядома, але я ведаю, што яшчэ 14 сьнежня дэпутаты нам казалі іншае — што ня могуць разглядаць асобна зьмены ў 328 артыкул, што трэба разглядаць усе зьмены ў Крымінальны кодэкс разам. А цяпер за адну раніцу прымаюць адваротнае рашэньне? Гэта падман.
Мы прыйдзем заўтра да Палаты прадстаўнікоў і будзем чакаць, каб да нас выйшлі ды патлумачылі, што адбылося», — заявіла Тацяна Канеўская.
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.