Беларускі сьпявак Лявон Вольскі сабраў 75% неабходных сродкаў на новы альбом, у гонар гэтага прэзэнтаваў ужо другі кліп з будучага альбому — цяпер на песьню «Апэрацыя „Адукацыя“». Ён абяцае прэзэнтаваць альбом у Менску 2 сакавіка.
Рэжысэр кліпу — Сэрж Аўсянік.
«Натуральна, што хібы адукацыі ёсьць усюды, але адна сытуацыя ў Фінляндыі і зусім іншая — у Беларусі, — разважае Лявон Вольскі, дыплямаваны настаўнік рысаваньня і маляваньня. — Памятаю, як у час пэдпрактыкі працаваў у адной са школаў Менску.
Па-першае, нават настаўнікам нельга было хадзіць з доўгімі валасамі: даводзілася хаваць іх пад каўнер і завязвацца шалікам. Па-другое, было вельмі дзіўна, наколькі шаблённае мысьленьне навязвалася дзецям. Напрыклад, я даваў творчае заданьне — намаляваць жывёлу. У выніку нехта першы маляваў сабачаня, а астатнія проста паўтаралі.
Мне здаецца, што за 35 гадоў зьмяніліся дробязі, а сутнасьць, на жаль, засталася тая самая».
Першы кліп на песьню з будучага альбому, «Зьніклыя людзі», Вольскі прадставіў у лістападзе.
Грошы на альбом зьбіраюцца на сайце Вольскага, замовіць яго можна за сумы ад 6 эўра. Альбом «Гравітацыя» мае завяршыць трылёгію, распачатую кружэлкамі «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016).
Жывая прэзэнтацыя альбому заплянаваная на 2 сакавіка ў менскім клюбе Prime Hall, квіткі ўжо зьявіліся ў продажы ў інтэрнэце. У складзе гурту Volski выступаюць таксама гітарыст Павал Трыпуць, басіст Алесь Францішак-Мышкевіч і бубнач Павал Мамонаў.