Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры сьмерці ў адзін дзень. Гісторыя помсты падманутай дзяўчыны з-пад Глыбокага


Падарожжа Зьмітра Бартосіка ў Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці, дзе зьберагліся ўнікальныя вёскі і ўнікальныя гісторыі.

Беларускі стоўнхэндж

Як цікава часам палётаць над Беларусьсю з дапамогай праграмы «Вікімапія! Зьверху раптам адкрыецца тое, чаго зь зямлі адразу і ня ўбачыш. Нядаўняе адкрыцьцё — у ваколіцах вёскі Марцыбыліна, што ў Глыбоцкім раёне, відаць сьляды іншаплянэтнай цывілізацыі. Ну а як яшчэ назваць паляну каля лесу з роўна расстаўленымі камянямі, якія кругамі разыходзяцца ад цэнтру? Першае, што прыходзіць у галаву, калі гэта бачыш, — Стоўнхэндж. Альбо іншаплянэтны касмадром.

Апынуўшыся каля гэтага марцыбылінскага «касмадрому», я ня быў расчараваны, хоць і адчуў неверагодную маркоту. Гэта казённыя могілкі. Тут хаваюць памерлых зь недалёкага Дому састарэлых. Я нарэшце ўбачыў, як дзяржава ўяўляе ідэальныя могілкі. Роўная паляна бяз дрэваў. У цэнтры — драўляная скульптура Божай Маці, падобнай да манахіні ў смутку.

А далей ад цэнтру, нібы кругі на вадзе, шэрагі аднолькавых надмагільляў. Дзе месца ёсьць толькі для датаў ды імёнаў на «адзіна правільнай» мове. Тугі ў гэты пэйзаж дадаюць некалькі нестандартных помнікаў, якія ўзвышаюцца над казённымі камянямі. Магілы людзей, пра якіх успомнілі сваякі. Але такіх адзінкі. Надмагільлі тых, каго ўспомнілі, горда ўзвышаюцца над казённымі «пянькамі».

Сьмерць траіх у адзін дзень

Сапраўдныя марцыбылінскія могілкі, што раскінуліся на суседнім лясным пагорку, выглядаюць, як абжытая зямля на фоне мёртвага Марса.

Самае цікавае чакала мяне на старых кладах. Тут ужо драматургія праступае ў саміх лічбах сьмерці. Пад найвышэйшым мармуровым крыжам пахаваная сям’я Коласаў. Бацька Ігнат, 1866 году нараджэньня, і два ягоныя сыны: Осіп, 1915 году нараджэньня, ды Ігнат, 1910 году. Дата сьмерці ва ўсіх аднолькавая. 4 жніўня 1941 году.

Што ж магло адбыцца летам 1941-га? Калі немцы толькі наступалі на Ўсход? Калі нават партызанка яшчэ не распачалася? Пра трагедыю гэтых Коласаў расказала мне Ядзьвіга Сіманковіч, ураджэнка суседняй вёскі Дзегцяры. Спадарыня Ядзьвіга, мажная, вясёлая і гаваркая кабета зь вельмі маляўнічай мовай, нарадзілася ў 1933-м. Яна выдатна памятае і тых Коласаў, і як яны загінулі.

Гісторыя каханьня і сьмерці

Коласы жылі ў вёсцы Пятроўскія. Там жа жыла і Юзэфа Пятроўская. Калі прыйшлі немцы, Юзэфа была ўжо цяжарная ад малодшага з братоў. Але той жаніцца не захацеў. Тады Юзэфа вырашыла адпомсьціць каханку. І падала заяву немцам, што Коласы камуністы. У той жа дзень з Глыбокага прыехалі нямецкія вайскоўцы. У хаце былі толькі мужчыны. Маці і сястра былі ў гасьцях. Усіх траіх Коласаў вывелі на поле за вёску, прымусілі выкапаць яму і тут жа расстралялі.

— На трэці дзень матка з дачкой кінуліся ў Глыбокае. Тыя немцы ўжо паехалі на Ўсход. Былі іншыя. І разам з бацюшкам жанчыны даказалі, што ніякія яны не камуністы. Сыны хрышчоныя, бацькі вянчоныя. Ну і немцы дазволілі іх адкапаць. Хавалі іх з бацюшкам. У іх быў такі вялікі ток. І ў тым таку труны стаялі. І немцы былі на пахаваньні. Сястра млела, дык немец яе за руку трымаў. Людзей было многа. Дзьве вёскі сабраліся. І немцаў было многа на пахаваньні. Бо нядобра атрымалася.

Тая Юзэфа, празь якую загінулі тры чалавекі, магла быць расстралянай. Але яна спакойна нарадзіла дзіця. І дажыла да канца вайны.

— На дзеўку была злая ўся вёска. І камісар нямецкі сказаў матцы — пішыце заяву. Іх расстраляюць. За паклёп. Ну дык ужо матка прасіла немцаў. «Я не падыму гэтым ні мужа, ні сыноў. Не хачу грэх браць». Па-хрысьціянску паступіла. Тая Юзэфа жыла з маткай і сястрой. Нарадзіла дзяўчынку. А як вайна скончылася, прыйшлі рускія, дык яна зьехала ў Расею разам з дачкой. І ўжо не вярнулася.

Вёска, якую не зачапіла вайна

Вёска Дзегцяры ўнікальная. І тым, што тут ніводзін чалавек не загінуў падчас акупацыі. Прычым ні беларус, ні немец. І тым, што ўсе беларусы, якіх мабілізавалі ў 1944 годзе ў Чырвоную армію, усе вярнуліся жывымі.

— Уся вёска працавала на немцаў. На зямлі працавалі. У лесе дровы рыхтавалі. У таты конь нагу ў лесе паламаў, дык немцы забралі таго каня і далі нямецкага. Высокі такі. Увогуле зь імі не было праблем. Бо іх тут ніхто не ўквяліў. Хлопцаў каталі на матацыклах сваіх. Пасадзяць у каляску матацыклетную колькі ўлезе, на сядло. І паехалі вакол вёскі. Аніякіх праблем. Рускія прыйшлі — аніякіх праблем. Ані-ні. Толькі пабралі на вайну. І ўсе з вайны вярнуліся. Ніводнага не забілі. Усе вярнуліся! Тата браў Бэрлін. Памятаў, як сьцяг падымалі над Рэйхстагам. І ніводнага немца тут не загінула.

Аказваецца, былі ў Беларусі мясьціны, дзе правілы вядзеньня вайны працавалі як мае быць. Згодна з усімі канвэнцыямі і правіламі вядзеньня вайны. Вайскоўцы ваявалі, цывільныя працавалі. І вайскоўцы не мардавалі цывільных.

— У нас не было партызанаў. І таму нікога тут ніколі не чапалі. Ніводная хата не згарэла. І з вайны вярнуліся ўсе як адзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG