Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў напісаць камэнтары на беларускіх інфармацыйных сайтах пасьля ўступленьня ў сілу паправак у закон «Аб СМІ».
З 1 сьнежня ў выніку паправак у закон «Аб СМІ» зьмяніліся правілы камэнтаваньня на сайтах. Карыстальнікам неабходна рэгістравацца, даючы свой нумар тэлефона.
Tut.by і onliner.by уключылі рэгістрацыю праз SMS
Матэрыялы на двух буйных беларускіх парталах Tut.by і Onliner.by цяпер можна камэнтаваць толькі тады, калі пройдзеш рэгістрацыю праз свой тэлефон.
Пры рэгістрацыі трэба ўвесьці нумар тэлефона, на яго прыходзіць SMS з кодам, які неабходна ўвесьці, тады можна камэнтаваць. Выглядае, што ў сьвежых камэнтарах на onliner.by і tut.by нічога асабліва не зьмянілася: крытыкі ўлады хапае, як і раней.
Раней першы намесьнік міністра інфармацыі Павел Лёгкі заяўляў, што для ідэнтыфікацыі карыстальнікаў на інтэрнэт-рэсурсах акрамя SMS можна будзе выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі і электронную пошту.
Нічога не прыдумляць, проста адключыць камэнтары
Некаторыя СМІ пайшлі найбольш простым шляхам і адключылі камэнтары, бо, каб запраграмаваць магчымасьць SMS-рэгістрацыі, патрэбны час і выдаткі. 3 1 сьнежня на сайтах «Нашай нівы», «Эўрарадыё», Naviny.by проста няма магчымасьці камэнтаваць матэрыялы.
На сайце Свабоды камэнтары па-ранейшаму магчымыя праз Фэйсбук.
Што варта ведаць пра папраўкі ў закон аб СМІ
Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Зьмены набудуць моц з 1 сьнежня.
Дакумэнт утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў, у прыватнасьці:
- пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена;
- абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў;
- абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.
Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ
Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.
Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але на канчатковы варыянт законапраекту гэта не паўплывала.
Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.