Парлямэнт Францыі прыняў у першым чытаньні законапраект, які забараняе бацькам біць і зьневажаць дзяцей, паколькі гвалт і запалохваньне маюць катастрафічныя наступствы для дзіцяці, паведамляе BBC.
Законапраект аб цялесных пакараньнях або прыніжэньнях накіраваны на забесьпячэньне таго, каб бацькоўскія паўнамоцтвы ажыцьцяўляліся бяз гвалту. Цяпер ён накіруецца ў Сэнат.
Па дадзеных удзельнікаў кампаніі, каля 85% францускіх бацькоў ужываюць цялесныя пакараньні.
Згодна з праектам закона, у Грамадзянскі кодэкс унясуць папраўку, якую будуць зачытваць пры рэгістрацыі шлюбу: «Бацькі павінны падтрымліваць свой аўтарытэт без прымяненьня фізычнага ці псыхалягічнага гвалту».
Адзначаецца, законапраект прапануе забараніць і такія «звычайныя выхаваўчыя гвалтоўныя дзеяньні», як крык, аплявухі або тузаніна дзяцей за валасы.
Францыя з шматгадовым спазьненьнем прыводзіць сваё заканадаўства ў гэтай сфэры ў адпаведнасьць з эўрапейскімі нормамі. У Нямеччыне бацькам і настаўнікам з 2000 года забаронена цялесна караць дзяцей пад пагрозай крымінальнай адказнасьці. У Швэцыі аналягічны закон дзейнічае з 1979 году.
Раней чатыры члена адной сям’і былі арыштаваныя пасьля таго, як дзевяцігадовы хлопчык быў зьбіты да сьмерці ва ўсходнім горадзе Мюлуз.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць». Ён таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар — цяперашні ягоны памочнік па нацыянальнай бясьпецы.
Сёлета ў ліпені МУС апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». Новы закон плянавалі прыняць у 2019 годзе. Свае прапановы, якія былі ў канцэпцыі закону, МУС зьбіраецца прапрацоўваць у рамках карэктаваньня заканадаўчых актаў, якія ўжо дзейнічаюць.