Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заняла трэцяе месца сярод гандлёвых партнэраў Украіны — пасьля Эўразьвязу і ЗША


Прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, архіўнае фота
Прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, архіўнае фота

Пры гэтым Расея, якая вядзе з Украінай «гібрыдную вайну», узначаліла ТОП-15 краін, зь якімі таваразварот найбольш скараціўся.

Беларусь выйшла на трэцяе месца ў аб’ёме гандлю з Украінай. Пра гэта паведаміла ўкраінскае Міністэрства эканомікі і гандлю па выніках 8 месяцаў 2018 году. Наперадзе Беларусі толькі Эўразьвяз і ЗША.

Сальда на карысьць Беларусі

Як паведамляе Міністэрства эканомікі і гандлю Ўкраіны, сёлета беларуска-ўкраінскі таваразварот можа дасягнуць 6 мільярдаў даляраў. За студзень—жнівень ён перавысіў 3,5 мільярда, павялічыўшыся ў параўнаньні з такім пэрыядам 2017 году на 23%. У 2019 годзе Кіеў і Менск плянуюць давесьці аб’ём гандлю да 7-8 мільярдаў даляраў, а к 2020-му — да 10 мільярдаў за год.

Экспарт тавараў Украіны за 8 месяцаў 2018 году
Экспарт тавараў Украіны за 8 месяцаў 2018 году

Экспарт зь Беларусі за 8 месяцаў 2018 году склаў 2,7 мільярда даляраў, станоўчае сальда складае 1,8 мільярда на карысьць Беларусі. Пры гэтым большая частка беларускага экспарту прыпадае на нафтапрадукты: за студзень—верасень канцэрн «Белнафтахім» паставіў на ўкраінскі рынак сваёй прадукцыі на 1,8 мільярда даляраў, а па выніках году разьлічвае выйсьці на 2,2 мільярда.

Што Беларусь прадае ва Ўкраіну

Істотна павялічыўся продаж ва Ўкраіну беларускіх азотных угнаеньняў — тут за 8 месяцаў зафіксаваны трохразовы рост. Гэтаму паспрыяла ўвядзеньне мытаў украінскім урадам на расейскую прадукцыю. Канцэрн МАЗ увайшоў у топ-5 найбуйнейшых пастаўшчыкоў ва Ўкраіну камэрцыйных аўтамабіляў, адзначыўшыся 60-адсоткавым ростам у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем 2017-га.

Ілюстрацыйнае фота. Made in Belarus: выстава беларускіх вытворцаў у Кіеве. Кіеў, 10 красавіка 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Made in Belarus: выстава беларускіх вытворцаў у Кіеве. Кіеў, 10 красавіка 2018 году

Што Ўкраіна прадае Беларусі

Імпарт з Украіны — найперш харчовая сыравіна і кансэрваваныя прадукты. На першае месца ў пераліку выйшлі соевыя бабы, якія перапрацоўваюцца і ў выглядзе алею прадаюцца ў Расею, а таксама маргарын. Таксама Беларусь набывае ўкраінскую электраэнэргію, мэталы і мэталапрадукцыю, вугляроды, лекі, кандытарскія вырабы, піва ды інш.

На тэрыторыі Ўкраіны працуе больш за 100 арганізацый тавараправоднай сеткі беларускай прадукцыі і дзясятак зборачных вытворчасьцяў беларускай тэхнікі.

У сваю чаргу ў Беларусі дзейнічаюць амаль тры сотні прадпрыемстваў з украінскім капіталам, траціна зь іх сумесныя.

Пры гэтым галоўным партнэрам Беларусі застаецца Расея (на яе прыпадае палова ўсяго таваразвароту), сьледам ідзе Эўразьвяз, а Ўкраіна — трэцяя.

Сама Расея, якая гістарычна мела вялікія гандлёвыя сувязі з Украінай, а цяпер вядзе супраць яе «гібрыдную вайну», анэксавала Крым і падтрымлівае сэпаратыстаў на Данбасе, ня трапіла ў ТОП-15 гандлёвых партнэраў Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG