Больш тлушчу? Больш вугляводаў? Як павінны харчавацца спартоўцы для дасягненьня максымальных спартовых вынікаў?
Артыкул на гэтую тэму ў газэце The New York Times публікуе Грэтхэн Рэйналдз.
Журналістка піша, што для таго, каб адказаць на пытаньне пра ідэальную і найбольш практычную дыету для прафэсійных спартоўцаў, яна пагутарыла са спартовым дыетолягам, прафэсарам Аўстралійскага каталіцкага ўнівэрсытэту Луізай Бэк. Раней Бэк працавала з многімі элітнымі аўстралійскімі камандамі.
Нядаўна Луіза Бэк разам са сваім мужам Джонам Кэрлісам, дырэктарам Інстытуту дасьледаваньняў здароўя Аўстралійскага каталіцкага ўнівэрсытэце, напісала агляд апошніх дасягненьняў спартовай дыеталёгіі.
Крытычнае паліва для мышц
Грэтхэн Рэйналдз спыталася ці сапраўды вугляводы зьяўляюцца асноўным пажыўным рэчывам для мышц, і ці праўда, што менавіта наяўнасьць вугляводаў, а ня тлушчу, спрыяе найлепшым спартовым вынікам.
Луіза Бэк адказала, што калі абагуліць наяўную інфармацыю і выснаваць зь яе параду для шырокага кола спартоўцаў, то сапраўды так. Менавіта высокае ўтрыманьне вугляводаў у дыеце можа прынесьці аптымальны вынік для большасьці атлетаў.
Колькі вугляводаў трэба спартоўцу
Паводле Луізы Бэк, на падставе таго, што спартовая мэдыцына ведае сёньня, неабходная доза для найлепшых вынікаў — гэта ад 30 да 60 грам вугляводаў у гадзіну падчас максымальнай фізычнай нагрузкі. [Тыповы пакецік спартовай пасты зьмяшчае у сабе каля 30 г вугляводаў. Тое самае — адзін банан ці адна бутэлька спартовага напою]
Што наконт тлушчу
У наш час існуюць спрэчкі паміж спартовымі дыетолягамі. Ёсьць і тыя, хто сьцьвярджае, што ўсё ж лепш за вугляводы на спартовыя вынікі ўплывае дыета з высокім утрыманьне тлушчу.
На думку Луізы Бэк, дыета з высокім утрыманьнем вугляводаў лепш, бо менавіта вугляводы засвойваюцца хутчэй за ўсе іншыя харчовыя інгрэдыенты.
Ідэя, што найлепшы вынік магла б даць дыета з высокім утрыманьнем тлушчу і нізкім утрыманьне вугляводаў, сыходзіць з факту, што наша цела мае значна большыя запасы тлушчу, чым вугляводаў.
Але, паводле Бэк, найлепшы спартовы вынік усё ж забясьпечваюць вугляводы.
Бялок
Пра спажываньне бялку Луіза Бэк кажа, што гэтага рэчыва спартоўцам трэба больш, чым звычайнаму чалавеку. Бялкі патрэбныя найперш для аднаўленьня мышц пасьля цяжкіх нагрузак.
Менавіта спартовая мэдыцына дапамагла зразумець карыснасьць бялку для захаваньня мышачнай масы. Гэта асабліва важна для пажылых людзей, у якіх назіраецца падзеньне гэтага важнага паказчыка.
Агульная парада спартоўцу-аматару
Галоўнае, кажа Луіза Бэк, не загразнуць у інфармацыі пра новыя дыетычныя тэндэнцыі і не старацца ўгнацца за імі. Адна справа, калі вы спартовец, які бярэ ўдзел у Алімпійскіх гульнях, і зусім іншая, калі вы спартовец-аматар. У другім выпадку уплыў дыеты на ваша самаадчуваньне і вынікі даволі ўскосны.
Паводле Луізы Бэк, спартоўцу-аматару цалкам дастаткова простага здаровага харчаваньня. А лепш за ўсё, кажа яна, пракансультавацца са спартовым дыетолягам.