Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік Пуціна пацьвердзіў, што той адмовіўся размаўляць з Парашэнкам пасьля захопу ўкраінскіх караблёў


Тэлефоннай размовы паміж прэзыдэнтамі Ўладзімрам Пуціным (зьлева) і Пятром Парашэнкам не адбылося
Тэлефоннай размовы паміж прэзыдэнтамі Ўладзімрам Пуціным (зьлева) і Пятром Парашэнкам не адбылося

Памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў пацьвердзіў, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвяртаўся з запытам пра тэлефонную размову з расейскім кіраўніком у сувязі з інцыдэнтам ў Керчанскай пратоцы.

«Магу сказаць, што запыт быў, але размова не адбылася. Запыт — быў, а размовы не было», — цытуе Ўшакова агенцтва «Интерфакс».

Паводле Ўшакова, «пры падрыхтоўцы такога роду кантактаў ацэньваецца цэлы шэраг фактараў, у прыватнасьці, сумяшчальнасьць графікаў, таксама аналіз мэтаў, якія той ці іншы бок ставіць перад такой размовай».

У інтэрвію украінскім тэлеканалам 27 лістапада ўвечары Пятро Парашэнка паведаміў, што пасьля захопу расейцамі ўкраінскіх караблёў 25 лістапада каля Керчанскай пратокі, ён спрабаваў правесьці тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным, аднак Кіеў не атрымаў ад Масквы адказу на запыт.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG