Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратара Міністэрства ўнутраных спраў зьнялі за скандал зь менскім гарадавым?

абноўлена

Адкрыцьцё скульптурнай кампазыцыі «Менскі гарадавы»
Адкрыцьцё скульптурнай кампазыцыі «Менскі гарадавы»

Начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Георгі Яўчар зьняты з пасады. Паводле крыніцаў «Нашай нівы», гэта стала вынікам «агулам нездавальняючай работы», а таксама скандальнай гісторыі вакол скульптуры гарадавога ў Менску.

​Як спраўдзіла Свабода, прозьвішча Яўчара сапраўды зьнікла з сайту МУС (для параўнаньня —​ вэб-архіў за 12 жніўня 2018 году).

У размове з карэспандэнтам Свабоды ён не адказаў на пытаньне, ці зьняты з пасады, дадаўшы, што паведаміць пазьней у фэйсбуку.

«У сувязі з поўнай выслугай гадоў прыняў усьвядомленае і добраахвотнае рашэньне скончыць службу ў органах унутраных спраў, напісаў Яўчар пазьней у фэйсбуку. — Зроблена для іміджу міліцыі нямала. Яшчэ шмат чаго трэба. Застаюся верны пагонам і міліцыі».

Яўчар ня стаў адказваць на пытаньне Свабоды, ці сапраўды ягонае звальненьне зьвязана зь іміджавым правалам з прабачэньнямі перад гарадавым.

Цяпер ягоныя абавязкі выконвае намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Віктар Новікаў.

«Падлетак рэальна існаваў, але ідэя зрабіць з гэтага спэктакль прыйшла менавіта прэс-сакратару. Гэтае відэа і наступныя рэакцыі разьюшылі міністра Шуневіча», — сказалі крыніцы «Нашай нівы».

15 лістапада Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала на афіцыйным Youtube-канале ролік «Извинился перед „Городовым“», на якім падлетак просіць прабачэньня за поўху, якую даў скульптуры.

Міліцыянт Генадзь Кашалюк расказвае, што пабачыў, як той «у скачку нанёс адзін удар» скульптуры.

«Я шчыра раскайваюся, што нанёс шкоду гэтаму помніку, супрацоўнікам міліцыі, бо ў гэтага помніка свая гісторыя, і я мог неяк сваім учынкам яе забрудзіць, — кажа на відэа хлопец, названы Арсеніем. — Я гэтага не хацеў і шчыра выбачаюся перад усімі».

Пасьля відэа МУС беларусы пачалі прасіць прабачэньня ў помнікаў у сацсетках: хтосьці за тое, што залазіў на паравоз у Баранавічах, хтосьці за тое, што сядаў на калені Дастаеўскаму… Нават на БТ высьмеялі відэа МУС з выбачэньнем перад скульптурай гарадавога.

Гісторыя помніка гарадавому цягнецца ад сакавіка 2016 году: некаторых зьдзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянэру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку.​ А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і паляваньня на іх.

За зьнявагу помніка гарадавому беларусаў ня раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за пэрформанс зь пятлёй на шыю скульптуры (абышлося штрафам у 5 базавых). Сярод аштрафаваных за зьнявагу помніка — бяздомны, які, як кажуць, не лічыў гэта палітычнай акцыяй.

У справе пра поўху гарадавому праваабаронца знайшоў два парушэньні закону з боку міліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG