Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гутарыць альбо памерці. А ці з кожным трэба спрабаваць дамаўляцца?


Дзьмітрый Цімашкоў, каардынатар праекту "Крылы анёлаў". Фота з архіву Дзьмітрыя Цімашкова.
Дзьмітрый Цімашкоў, каардынатар праекту "Крылы анёлаў". Фота з архіву Дзьмітрыя Цімашкова.

Часьцяком у замежных поўнамэтражных мульціках (ды і ў кіно) кульмінацыйны эпізод выглядае так: героі-антаганісты нарэшце аказваюцца адзін на адзін у якіх-небудзь надзвычай нестандартных варунках — на даху хмарачоса, ў зубах алігатара, пасярод марской буры, на прыёме ў губэрнатара, на сцэне з адключаным мікрафонам, а ў залі — тысячы людзей і бабуля, якой хацелася б прысьвяціць уласную песьню і г. д..

І тут адбываецца Гутарка. Гутарка, у якой адзін з герояў будзе казаць пранікнёныя словы, а другі — слухаць і разумець. Гутарка, падчас якой абавязкова будзе трансьляваная нейкая асабліва слушная ісьціна. Словы будуць простымі, голас — адпаведным, сьлёзы будуць стаяць у вачах, паўзы паміж словамі будуць расьці разам з псыхалягічным напружаньнем, і герой-антаганіст раптоўна ўсё зразумее, імгненна перавыхаваецца — і стане малайчынкай. Заля ўзарвецца аплядысмэнтамі, алігатар засаромеецца і расьцісьне зубы, бабуля ў сівых кудзерках будзе ківаць галавой і ўсьміхацца, бура сьціхне, мікрафоны ўключацца, губэрнатар сарве гальштук і пабяжыць гуляцца з сынам у футбол.

Раней мяне страшэнна раздражнялі гэтыя кульмінацыйныя эпізоды: іх аднолькавасьць, умоўнасьць, не рэалістычнасьць, неадпаведнасьць жыцьцю, відавочная «прыцягнутасьць за вушы», нарэшце, іх бязьмежная наіўнасьць. І толькі нядаўна я раптам зразумела вялікі выхаваўчы сэнс гэтых эпізодаў.

З кожным трэба спрабаваць дамаўляцца. Нават калі алігатару ўжо зубы сутаргай зьвяло

Трэба дамаўляцца. Што б ні было — трэба дамаўляцца. Нічога не дапаможа, нічога з тых мэтадаў, якімі мы прызвычаіліся карыстацца. Не дапаможа — сьціснуць у зубах парваныя правады ля мікрафона і прапусьціць цераз сабе электрычны ток. Не дапаможа — кінуцца з палкамі на марскую хвалю. Не дапаможа — абмацюкаць губэрнатара. Толькі дамаўляцца. Знайсьці словы. Быць шчырым. Зразумець іншага. Гутарыць не пра тое, што ты лічыш важным, а пра тое, што баліць у яго. І тады вы дамовіцеся. Абавязкова. Нават калі гэта падаецца наіўным, умоўным і нерэалістычным.

Культуры гутаркі ў нас няма, а вось культура прапусканьня цераз сябе электрычнага току — ёсьць. Змагацца і загінуць. Быць моцным і перамагчы. Аблаяць тых, хто мяўкае. Памерці, але не саступіць.

Ці з кожным можна дамовіцца? Напэўна, не — думаецца мне. Хаця любы герой замежнага поўнамэтражнага мульціка зараз схапіў бы мяне за рукі, пранікнёна зірнуў бы мне ў вочы і хутка-хутка заківаў бы галавой: з кожным, з кожным! У кожнага ёсьць той самы момант, калі ён можа ўспрыняць тую самую ісьціну. Галоўнае — знайсьці яго: на даху хмарачоса ці пад мэтэарытным дажджом.

А ці з кожным трэба спрабаваць дамаўляцца? Напэўна, так. Чаму б праваабаронцам, напрыклад, не дамовіцца з Дзьмітрыем Цімашковым, тым самым бацькам, якога параніў нажом уласны сын, чаму б не дамовіцца па пытаньні новага, добрага, дарагога адваката для сына — а не кідацца ўсім целам (і ўсімі адвакатамі) на дрот чужой сям’і? Чаму б зноў — і зноў, і зноў, і зноў — не шукаць магчымасьцяў вырашыць праблему рэстарацыі ля Курапат у перамовах? Чаму б міністэрству адукацыі не пайсьці «ў народ» — не ў аддзелы адукацыі, а непасрэдна да людзей? Чаму б не пераўтварыць дэкаратыўныя «грамадзкія слуханьні» па пытаньнях горадабудаўніцтва ў сапраўдную гутарку, дзе будзе не маніпуляцыя, а — дамова?

З кожным трэба спрабаваць дамаўляцца.

Нават калі алігатару ўжо зубы сутаргай зьвяло.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG