Але магчыма, беларускі міністар і прадастаўнік Сусьветнага банку кажуць пра розныя рэчы.
Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмэр 13 кастрычніка расказаў пра шэраг праблемаў беларускай эканомікі і пэсымістычна ацаніў пэрспэктывы крэдытаваньня прыватнага сэктару краіны праз высокую зьнешнюю запазычанасьць.
«Прыватны сэктар быў адрэзаны ад крэдытаваньня», — кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку
На думку Крэмэра, як піша «Інтэрфакс», цяпер банкі «могуць узяць ліквіднасьць толькі ў зьнешнім сэктары», таму будзе складана павялічыць крэдытаваньне прыватнага сэктару, ды й у банкаў «высокая доля праблемнай запазычанасьці» — дзяржаве трэба «прыняць меры», бо іначай зь фінансавай падтрымкай бізнэсу «ў будучыні сытуацыя будзе сумнай».
Крамэр расказаў, што ў Беларусі ў 2002–2011 гадах быў усплёск крэдытаваньня, але «сыстэма абвалілася» ў 2015–2016 гадах, калі ў Беларусі пачаліся праблемы з плацёжным балянсам і давялося «згарнуць зьнешнія пазыкі», а каля 80% «макраэканамічнай карэкцыі» прыйшлося на прыватны сэктар, праявілася ў падвышэньні ставак па крэдытах і больш жорсткіх патрабаваньнях па крэдытак.
Крамэр мяркуе, што ў выніку «прыватны сэктар быў адрэзаны ад крэдытаваньня», а цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі можна лічыць «фінансавай рэцэсіяй», нягледзячы на завяршэньне рэцэсіі ў макраэканоміцы.
Міністар эканомікі нязгодны: «Прадпрымальнікі вераць у нашую эканоміку»
Беларускі міністар эканомікі Дзьмітры Круты заявіў, што «не падзяляе думкі» Крамэра адносна захаваньня ў краіне фінансавай рэцэсіі, піша БелаПАН.
Круты заявіў, што ў бягучым годзе назіраюцца «больш высокія тэмпы інвэстыцыяў у асноўны капітал», што «кажа аб тым, што мясцовыя і замежныя прадпрымальнікі вераць у нашую эканоміку і эканамічную палітыку».
Міністар адзначыў, што некаторыя прадпрыемствы маюць праблемы з запазычанасьцю, у тым ліку валютнай, і ад рашэньня гэтых праблемаў будзе залежыць увесь інвэстыцыйны працэс у краіне. Драйвэрамі эканомікі, дадаў ён, «па-ранейшаму застаюцца экспарт, зьнешні гандаль і інвэстыцыі», а на 2019 год «прадугледжаныя высокія тэмпы росту як эканомікі ў цэлым, так і інвэстыцыяў у прыватнасьці».
Пра крэдытаваньне і падтрымку прыватнага сэктару, аб якіх казаў Крэмэр, калі згадваў пра рэцэсію, Круты не казаў.