Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Ашмянамі разбураецца ўнікальная сядзіба прадпрымальніка ХІХ стагодзьдзя. ФОТА


Дом купца Стругача
Дом купца Стругача

Ашмянская сядзіба прадпрымальніка Льва (Лейбы) Стругача (1842–1906) ня мае статусу помніка і стаіць на балянсе райвыканкаму. Бюджэтных сродкаў на яе аднаўленьне не выдзяляецца.

Апошнім уласьнікам сядзібы канца ХІХ стагодзьдзя было ўпраўленьне адукацыі Ашмянскага райвыканкаму, якое засяліла туды некалькі настаўніцкіх сем’яў. Выехалі яны адтуль зусім нядаўна, цяпер будынак пустуе.

Як Сьвяты Дух стаў Будзёнаўкай

Дом і сядзіба стаяць у вёсцы Будзёнаўка, што зусім побач з Ашмянамі. Спрадвеку вёска звалася Сьвяты Дух, пры савецкай уладзе яе перайменавалі.

Пасьля 1939 году, калі нерухомасьць і гаспадарка тутэйшага купца Льва Стругача былі нацыяналізаваныя, вёска паступова прыйшла ў заняпад. Мясцовыя ўлады пакуль вырашаюць, пусьціць аварыйны аб’ект пад знос ці ўсё ж паспрабаваць аднавіць.

​Мясцовая грамадзкасьць заклікала захаваць унікальную сядзібу. Улады спачатку прыслухаліся, паабяцалі вывесьці з жылога фонду і выставіць на аўкцыён. Аднак, як прызналася ў размове са Свабодай юрысконсульт Ашмянскага райвыканкаму Вікторыя Масальская, істотных зрухаў няма.

«Гэтым якраз займаемся. Будынак у аварыйным стане і прызначаны пад знос. Таму, мабыць, будзем пераводзіць у нежылы фонд, каб канчаткова наконт гэтага вызначыцца. Прынамсі, на парадку дня стаіць такое пытаньне. Увесь гэты час дом будзе заставацца на балянсе ўпраўленьня адукацыі Ашмянскага райвыканкаму. Справа ў тым, што там дагэтуль прапісаныя людзі, трэба яшчэ іх адтуль кудысьці выпісаць», — удакладняе юрыстка.

Стары сьвіран
Стары сьвіран

На аднаўленьне былога маёнтку неабходна мінімум 120 тысяч эўра. Такая сума была названая падчас леташняга міжнароднага эканамічнага форуму «Паўночны вэктар Горадзеншчыны». На ім Ашмянскі раён прэзэнтаваў інвэстпраекты, зьвязаныя з адраджэньнем старадаўніх сядзібаў.

Неўзабаве ўлады агучылі навіну, што да гістарычнага будынка выявіў цікавасьць «салідны інвэстар», які плянуе пасьля рэканструкцыі адкрыць тут базу адпачынку.

Колішні дом для рабочых
Колішні дом для рабочых

Хоць інвэстыцыйных дамоваў з прадпрымальнікам не заключалі, ён пасьпеў садраць тынкоўку. На гэтым супраца скончылася. Больш за год дом стаіць «распрануты», далей ніякага руху няма.

Рэшткі ўязной брамы
Рэшткі ўязной брамы

Стругач як лякаматыў прадпрымальніцтва

Леў Стругач — купец, уладальнік вытворчасьці на беларускіх землях Расейскай імпэрыі. Уваходзіў у лік самых багатых людзей свайго часу. У ХІХ стагодзьдзі меў у Ашмянах вінакурна-дражджавы завод, быў акцыянэрам Лідзкага бровару, а таксама рыскага акцыянэрнага таварыства «Дрожджы».

Рэшткі ўязной брамы
Рэшткі ўязной брамы

Пасьля сьмерці Льва Стругача ў 1906-м справу прадоўжыў ягоны сын Абрам. Бацькаву марку трымаў: перад пачаткам Першай усясьветнай вайны «Таварыства Л. Стругача» ўваходзіла ў трыццатку самых пасьпяховых прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі.

У 1942 годзе разам зь сям’ёй Абрам Стругач быў расстраляны — агулам нацысты забілі тады 4 тысячы габрэяў з ашмянскага гета, якое было ўтворана вакол сынагогі.

​У паваенны час завод камэрсантаў Стругачаў у Ашмянах вярнулі ў эканамічны абарот. Там выпускалі дрожджы, сьпірт, сыроп, хлебны квас, морс, нават марынаваныя грыбы.

Сядзіба ў мадэрновым стылі

У Сьвятым Духу Леў Стругач жыў да канца сваіх дзён. Тут на мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў збудаваў драўляны пад тынкам асабняк у стылі мадэрн з бальконамі і адкрытай вэрандай. Дом дапаўнялі ўнутраны двор, басэйн, сад, кветнікі, гаспадарчыя пабудовы, брама з калёнамі, каменны мур па ўсім пэрымэтры. Апроч таго, тут былі стайня, сьвіран, дом для працоўных, лямус — двухпавярховая гаспадарчая пабудова.

Па сёньняшнім чесе гэта адзін з рэдкіх прыкладаў ацалелага драўлянага дойлідзтва ХІХ стагодзьдзя.

У былым школьным музэі захаваўся пісьмовы ўспамін мясцовай жыхаркі, якая працавала ў Стругача і апісвала колішняе хараство сядзібы: клюмбы зь дзіўнымі кветкамі, цяплярні зь нязвыклымі расьлінамі, басэйн з залатымі рыбкамі.

Гледзячы на сучасны стан дома, уявіць тое досыць цяжка. Зрэшты, няма ніякай гарантыі, што ўдасца захаваць нават гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG