Аўганскія талібы абвясьцілі аб гатоўнасьці далучыцца да шматбаковых мірных перамоваў у Маскве.
Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленых прадстаўнікоў руху. Прэсавы прадстаўнік талібаў, аднак, адмаўляе наяўнасьць афіцыйнай згоды на візыт у Расею.
Улады Аўганістану і ЗША адмовіліся браць удзел у перамовах, арганізаваных Крамлём.
Расейскае кіраўніцтва запрасіла на гэтае мерапрыемства 12 краін, а таксама прадстаўнікоў «Талібану» — групоўкі, якая змагаецца з аўганскімі ўладамі і саюзнымі ім войскамі NATO. Талібы дамагаюцца ўсталяваньня ў краіне законаў шарыяту. У перамовах у Маскве гатовыя паўдзельнічаць у тым ліку Іран, Кітай, Пакістан, Таджыкістан, Узбэкістан і Туркмэністан.
Раней амэрыканскія ўлады неаднаразова абвінавачвалі Расею ў пастаўках цяжкага ўзбраеньня талібам.
У 2003 годзе Рада бясьпекі ААН, а затым і Вярхоўны Суд РФ прызналі «Талібан» тэрарыстычнай арганізацыяй.