Суд у расейскім горадзе Ўфе 2 лістапада арыштаваў на два месяцы траіх былых высокапастаўленых супрацоўнікаў паліцыі. Іх падазраюць у згвалтаваньні жанчыны-дазнаўцы на працоўным месцы.
Паліцыянтаў (цяпер ужо былых) затрымалі 31 кастрычніка. Паводле вэрсіі сьледзтва, у ноч на 30 кастрычніка яны згвалтавалі 23-гадовую жанчыну, якая была іх калегай.
Хто праходзіць па справе
Імёны падазраваных афіцыйна не паведамляліся. Сьледчы камітэт Расеі назваў толькі іх пасады.
Па гэтых пасадах журналістам удалося высьветліць меркаваныя імёны падазраваных. Паводле выданьня «Коммерсантъ», гэта начальнік аддзелу паліцыі Ўфімскага раёну Эдуард Мацьвееў, начальнік аддзелу паліцыі Кармаскалінскага раёну Салават Галіеў і начальнік аддзелу па пытаньнях міграцыі Ўфімскага раёну Павел Ярамчук.
Хто меркаваная ахвяра
Імя меркаванай ахвяры злачынства таксама афіцыйна не паведамлялася. Паводле радыё «Говорит Москва», якое спасылаецца на сваю крыніцу, яе бацька — намесьнік начальніка ўпраўленьня Расгвардыі па Рэспубліцы Башкартастан. У Расгвардыі гэтую інфармацыю не пракамэнтавалі.
Паведамляецца, што жанчына нядаўна скончыла юрыдычны інстытут Міністэрства ўнутраных спраў Расеі ва Ўфе і ўладкавалася на працу дазнаўцай у міграцыйны аддзел. Заяву аб згвалтаваньні яна напісала на дваіх сваіх непасрэдных начальнікаў і яшчэ аднаго высокапастаўленага супрацоўніка паліцыі.
Што адбылося?
Меркаваную карціну таго, што здарылася ва Ўфе ўвечары 29 кастрычніка аднаўляе Бі-бі-сі са спасылкай на рэгіянальныя і расейскія СМІ. Сьцьвярджаецца, што трое падазраваных ўдзельнічалі ў застольлі ў аддзеле па пытаньнях міграцыі.
Выданьне «Медиакорсеть» паведамляе, што 51-гадовы Мацьвееў, начальнік аддзелу паліцыі Ўфімскага раёну, адзначаў свой будучы выхад на пэнсію і пераход на працу ва ўрад Башкартастану. Сьцьвярджаецца, што Мацьвееў і ягоны сябра Галіеў запрасілі жанчыну ў кабінэт і там згвалцілі, а пазьней да іх далучыўся Ярамчук.