На адкрыцьці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы 31 кастрычніка ў Менску Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў Эўропу за тое, што там Беларусь крытыкуюць за праблемы з правамі чалавека.
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што «немцы не ацанілі ролю Мэркель у гісторыі і гатовыя яе выкінуць на задворкі». Ён прапанаваў «паглядзець, што адбываецца ў вас, у Эўропе, з дэмакратыяй».
«Вы хутка прыедзеце да нас, вучыцца нашай дэмакратыі, — перадае Tut.by словы Лукашэнкі. — Таму што ў нас ёсьць стабільнасьць для нармальнага жыцьця людзей. Дзяўчынкі не павінны баяцца ў школу хадзіць у спадніцы. Пра якія правы чалавека тут можна казаць? Дзе правы 70 чалавек, якіх расстралялі ў Нарвэгіі? А ён сядзіць у трохпакаёвай турме, добра яму».
Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА таксама перадае такія словы, але зь нязначнымі адрозьненьнямі ад перададзенага на Tut.by.
Як зьвязаныя турма Брэйвіка, спадніцы школьніц і дэмакратыя, Лукашэнка не растлумачыў.
Тэрарыст Андэрс Брэйвік у 2012 годзе ўчыніў тэракты ў Нарвэгіі празь нянавісьць да ідэяў мультыкультуралізму, забіў 77 чалавек і параніў 319, асуджаны на максымальны ў Нарвэгіі тэрмін – на 21 год – з магчымасьцю працягу зьняволеньня.