Парлямэнцкія камісіі Палаты прадстаўнікоў 29 кастрычніка разгледзелі і ўхвалілі праграму дзеяньня ўраду Беларусі да 2020 году.
У канцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка абурыўся «некаторымі сыгналамі» аб тым, што ўрад сабраўся займацца выпрацоўкай стратэгіі, хоць стратэгія ўжо выпрацаваная — «яна вызначаецца прэзыдэнтам», казаў ён. Ураду, дадаў Лукашэнка, «давядзецца рабіць усё: і гной вывозіць на палі, і сеяць, і ўбіраць...». Ягоная прэс-служба не перадала словы пра вываз гною, але відэа з гэтымі словамі зьявілася на дзяржаўнай тэлевізіі.
Выпрацоўваньнем якой стратэгіі абураўся Лукашэнка, невядома. Але магчыма, гаворка ішла менавіта аб праграме ўраду.
Па-першае, супадзеньне па часе: яму прадставілі праграму 16-га (ён казаў, што «калі ласка, любыя дзеяньні, але трэба памятаць, што асноўную праграму, нашыя абяцаньні народу мы павінны выканаць), абурыўся ён 26-га, дэпутаты разглядалі праграму 29-га.
Па-другое, Лукашэнка казаў, што стратэгія выпрацаваная, спасылаючыся на праграму на «пятую пяцігодку», а ў праграме ўраду шмат што супадае зь ёй.
Урэшце, праграма ўраду сапраўды прадугледжвае распрацоўку некаторых стратэгіяў і «дарожных мапаў».
Праграму на «пятую пяцігодку» можна пачытаць тут, праграму ўраду — тут (другі дакумэнт выклала ў сеціва дэпутатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая).
Ці сьпісаў урад у Лукашэнкі?
Абедзьве праграмы збольшага прысьвечаныя эканоміцы, але ахопліваюць і іншыя галіны: дэмаграфію, культуру,і ахову здароўя. Шмат якія фармулёўкі супадаюць даслоўна.
Некаторыя мэты ў праграме ўраду даволі канкрэтныя, зь лічбавымі паказьнікамі, некаторыя апісаныя даволі абстрактна — так, што дазваляюць неадназначныя трактоўкі. Напрыклад, «Беларускі партызан» расцаніў пункт аб «недапушчэньні зьніжэньня колькасьці занятых у эканоміцы раёнаў зь цяжкім эканамічным становішчам» як задачу прыцягненьня працоўных мігрантаў з-за мяжы (колькасьць занятых у эканоміцы ў Беларусі зьніжаецца з 1990-х) і прымусовым «замацаваньні» работнікаў на працоўных месцах.
У праграме ўраду нярэдка спасылаюцца на ўжо прынятыя праграмы, але часам ставяць сабе задачай прыняць новыя праграмы і распрацаваць праекты ўказаў для Лукашэнкі. У тым ліку ўрад ставіць задачу за два гады перапрацаваць Падатковы кодэкс, распрацаваць стратэгію прыцягненьня прамых замежных інвэстыцыяў да 2025 году або стратэгію разьвіцьця мэблевай вытворчасьці.
Праграма Лукашэнкі наогул не заходзіць за 2020 год (тады ўжо будзе «шостая пяцігодка»), праграма ўраду ж нярэдка згадвае 2025-ы: напрыклад, ставіць задачу сфармаваць такую эканоміку, каб да 2025 году валавы ўнутраны прадукт дасягнуў 100 млрд даляраў (у 2017-м было ўдвая меней, але задачу падваеньня ВУП ставіў сам Лукашэнка, праўда, толькі вусна і яшчэ папярэдняму ўраду).
Праграма ўраду ня цалкам капіюе праграму на «пятую пяцігодку», але сходзіцца зь ёй, напрыклад, у задачах таргетаваньня інфляцыі і падвышэньня эфэктыўнасьці дзяржаўнага сэктару эканомікі, патрэбе ў разьвіцьці прадпрымальніцтва і замежных інвэстыцыях, працы над роўнасьцю ўсіх формаў уласнасьці, паляпшэньні дэмаграфічнага патэнцыялу краіны і нават у канкрэтных лічбах, напрыклад у падвышэньні бюджэтных выдаткаў на навуку і навукова-інавацыйную дзейнасьць да 1% ВУП.
Але ёсьць шматлікія «ідэалягічныя» адрозьненьні. Напрыклад, такія:
- Ранейшая праграма на «пятую пяцігодку» сярод мэтаў мела «фармаваньне спрыяльнага бізнэс-асяродзьдзя». Новая праграма ўраду таксама гэта прадугледжвае, але з дадаткам: «...як нацыянальнага брэнду».
- У дадатак да ранейшай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» цяпер заплянавалі падрыхтоўку новага ўказу аб «удасканаленьні падтрымкі» такога прадпрымальніцтва.
- Раней плянаваліся «інвэстыцыі ў фармаваньне цэнтраў апераджальнага разьвіцьця». Цяпер — ці не адваротнае: «зьніжэньне міжрэгіянальнай дыфэрэнцыяцыі».
- Быў «курс на паскораную інфарматызацыю», але з «захаваньнем функцыянаваньня спэцыяльнага прававога рэжыму Парку высокіх тэхналёгіяў». Цяпер, калі прававы рэжым для ПВТ моцна мадыфікаваны, а ўлады абвяшчаюць курс на пабудову «IT-краіны», і ўрад карыстаецца гэтым азначэньнем. У праграме ўраду «лічбавай трансфармацыі эканоміцы» ўдзяляецца шмат увагі, згадваюцца лічбавыя тэхналёгіі ў адукацыі, электронны ўрад, сучасныя аплатныя сыстэмы, 5G-сувязь і іншае.
- Раней прадугледжвалася «ўкараненьне новых тэхналёгіяў, падвышэньне прадукцыйнасьці працы, тэхналягічнага ўзроўню і вытворчай дысцыпліны». Цяпер зьявіўся пункт аб «стварэньні новых высокапрадукцыйных арганізацыяў і прынцыпова новых прадуктаў».
- Абедзьве праграмы прадугледжваюць «апераджальнае разьвіцьцё сфэры паслуг». Але праграма на «пятую пяцігодку» робіць стаўку на экспарт паслуг, транзытныя магчымасьці краіны і навукаёмістыя віды паслуг. А праграма ўраду ставіць у прыярытэты транспарт і лягістыку, будаўніцтва і турызм.
- Дзе раней быў заплянаваны «рост і дывэрсыфікацыя экспарту тавараў і паслуг», цяпер плянуецца перадусім «прасоўваньне на новыя рынкі» (гэта Азія, Афрыка, Лацінская Амэрыка) і асобныя дэталёвыя пляны ў працы з рынкамі Эўразійскага эканамічнага саюзу.
- І раней плянавалася «разьвіцьцё арганізацыяў зь дзяржаўным удзелам найперш праз беспазыковыя крыніцы фінансаваньня», але цяпер задачай ставіцца «скарачэньне пазыковай нагрузкі, прыцягненьне беспазыковых крыніц фінансаваньня, забесьпячэньне эканамічна бясьпечнага ўзроўню дзяржаўнай запазычанасьці і золатавалютных рэзэрваў». Бясьпечным прызнаны ўзровень запазычанасьці ў 45% ВУП (цяпер больш за 50%).
- Цяпер плянуецца ня проста «істотнае падвышэньне фінансавай устойлівасьці і тэхналягічнага ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасьці», як раней. У праграме ўраду пра сельскую гаспадарку ёсьць агаворка: «вытворчасьць прадукцыі ў эканамічна абгрунтаваных аб’ёмах».
- Урад абвяшчае сваёй задачай «служэньне інтарэсам народу, які захоўвае свой сувэрэнітэт і гісторыка-культурную спадчыну». Падобных фармулёвак у праграме на «пятую пяцігодку» не было.