Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятары патрабуюць адстаўкі галоўнага трэнэра хакейнага «Дынама» пасьля 11-й паразы запар


Менскія дынамаўцы дэманструюць няўцямны хакей
Менскія дынамаўцы дэманструюць няўцямны хакей

Сіл і жаданьня падтрымліваць каманду, на жаль, не засталося, пішуць заўзятары «Дынама» (Менск).

Пасьля 11-й запар паразы хакейнага клюбу «Дынама» (Менск) у чэмпіянаце Кантынэнтальнай хакейнай лігі (КХЛ) заўзятары стварылі пэтыцыю на інтэрнэт-пляцоўцы Change.org з патрабаваньнем да Фэдэрацыі хакея Беларусі тэрмінова замяніць трэнэрскі штаб каманды.

«Раней нас, заўзятараў, было значна больш, — гаворыцца ў пэтыцыі. — Аднак у сувязі з 11-й запар паразай сіл і жаданьня падтрымліваць каманду, на жаль, не засталося. Ніякай барацьбы ў гульні на працягу ўсяго сэзону, толькі асобныя пробліскі. Можа праблема і ня ў трэнэрскім штабе (хоць, хутчэй за ўсё, менавіта у ім), але ніякіх захадаў на паляпшэньне сытуацыі не адчуваецца. Хацелася б, каб гэтая пэтыцыя нейкім чынам паўплывала на глябальныя перамены».

Няўдачы «зуброў» аматары хакея зьвязваюць з 40-гадовым галоўным трэнэрам, канадцам Гордзі Дуаерам, які ўзначаліў менскае «Дынама» сёлета ў чэрвені. Пад яго кіраўніцтвам хакеісты правалілі перадсэзонныя спарынгі, з такім жа настроем увайшлі і ў новы сэзон КХЛ. Пасьля 22 гульняў беларусы займаюць апошні радок у Заходняй канфэрэнцыі КХЛ.

Папярэдні антырэкорд датаваны 2008 годам, калі менскае «Дынама» дэбютавала ў КХЛ — тады бязвыйгрышная сэрыя спынілася на 10 матчах. Зрэшты, гэта не найбольшае «дасягненьне»: пяць гадоў таму маскоўскі «Спартак» ня мог перамагчы ў 19 гульнях.

Правальны старт ужо адбіўся на глядацкай цікаўнасьці. Дагэтуль «Менск Арэна» ўтрымлівала першае месца па наведвальнасьці ня толькі сярод усіх удзельнікаў КХЛ, але і была ў лідэрах эўрапейскіх чэмпіянатаў — хатнія паядынкі зьбіралі па 15 тысяч заўзятараў. Апошнія сустрэчы наведвала ў лепшым выпадку палова ад гэтай колькасьці. Пры гэтым усё часьцей чуюцца заклікі байкоту матчаў з удзелам «лузэраў».

Праўда, адмыслоўцы сумняюцца, што нават адсутнасьць вынікаў прывядзе да хуткай адстаўкі Гордзі Дуаера. Галоўная прычына — кантрактныя абавязаньні, якія цягнуць шматмільённую «няўстойку» ў выпадку дачаснага скасаваньня дамовы з боку Фэдэрацыі хакея Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG