Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры мільёны даляраў стратаў для інвэстара. У Менску зносяць аб’ект, які ўлады палічылі незаконным


Будынак, які зьбіраюцца зьнесьці
Будынак, які зьбіраюцца зьнесьці

Лёс будынкаў у Каменнай Горцы (дзе разьмешчаныя, сярод іншых, рэстарацыі хуткага харчаваньня KFC, Texas Chicken і Burger King) і на выхадзе з мэтро «Ўсход» пакуль канчаткова ня вызначаны.

Хоць Генпракуратура апратэставала рашэньні Менгарвыканкаму аб іх зносе.

Тым часам прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «РэвіТар Інвэст» 24 кастрычніка пачынае знос недабудаванага аб’екта на скрыжаваньні вуліц Ясеніна і Громава ў Менску.

Тут плянавалася адкрыць гандлёвы цэнтар і аб’ект грамадзкага харчаваньня. У будоўлю ўкладзена каля 2 мільёнаў 800 тысяч даляраў.

«Мы ўжо ня бачым сэнсу працягваць гэтую агонію», — сказаў карэспандэнту Свабоды ўладальнік «РэвіТар Інвэст» Сяргей Тарасюк.

«Паўтара года пераконвалі, што варта дабудаваць аб’ект»

Кампанія выйграла гэтыя два сумежныя ўчасткі на аўкцыёне: адзін пад гандаль, другі пад грамадзкае харчаваньне. На этапе праектаваньня ўзьнікла пытаньне — навошта на двух сумежных участках будаваць два розныя будынкі?

«З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся ў гарадзкі камітэт архітэктуры. Тагачасны галоўны архітэктар Віктар Нікіцін сказаў, што, паколькі адзін уласьнік і ўчасткі сумежныя, іх можна аб’яднаць і будаваць адзін аб’ект. Мы так і зрабілі, атрымаўшы ўсе неабходныя дазволы ад Менгарвыканкаму. У рашэньні, якое рыхтавала зямельная служба, нам дазволілі будаваць адзін аб’ект. Мы атрымалі ўсю дакумэнтацыю, прайшлі экспэртызу і пачалі будаўніцтва», — сказаў Сяргей Тарасюк.

Будынак, які зьбіраюцца зьнесьці
Будынак, які зьбіраюцца зьнесьці

Праз паўтара года, калі будоўля ўжо была напалову гатовая, «РэвіТар Інвэст» зьвярнуўся ў камітэт архітэктуры, каб скарэктаваць фасады. Сем месяцаў заяўку не ўзгаднялі.

«А потым у камітэце нам пачалі казаць, што ўчасткі не аб’яднаныя, за намі лічацца два ўчасткі. Хоць у 2014 годзе выйшаў указ, які забараняў у момант будоўлі аб’ядноўваць участкі. Гэта можна было зрабіць толькі пасьля яе завяршэньня».

У сытуацыю ўмяшалася гарадзкая пракуратура. Яна вынесла прапанову зямельнай службе — скласьці пратакол аб нямэтавым выкарыстаньні ўчасткаў. Справу разглядаў суд Маскоўскага раёну Менску.

«Судзьдзя Матыль была ў шоку. Яна сказала, што зямельная служба спачатку рыхтавала рашэньне аб тым, каб будаваць адзін аб’ект. Горад яго прыняў, даў людзям дазвол, вызначыў новую мэту. А потым яна ж склала пратакол, што гэта нямэтавае будаўніцтва. Суд вызначыў, што нямэтавага няма і мы будуем згодна з усёй дазвольнай дакумэнтацыяй і рашэньнем гораду», — сказаў Сяргей Тарасюк.

Пракуратура вынесла пратэст, што судзьдзя, маўляў, памылілася. Справу зноў накіравалі ў суд, які вынес адваротнае рашэньне — не на карысьць кампаніі. Далей, ажно да Вярхоўнага суду, выносіліся рашэньні, што гэта нямэтавае будаўніцтва.

«Усе гэтыя паўтара года мы спрабавалі пераканаць, што варта дабудаваць аб’ект, а ня зносіць яго. Аб’ект мы пакуль ня зносілі, бо шукалі праўды».

«Нас сьвядома штурхалі на выкананьне нямэтавага будаўніцтва»

У гэты час інвэстар ня мог працягваць будаўніцтва, але плаціў арэнду па 20-кратнай стаўцы — нібыта з прычыны самавольнага захопу зямлі.

«Участкі вялікія, і яны, проста кажучы, вымылі з нас увесь рэсурс, усе нашы фонды. Мы апынуліся ў сытуацыі, калі ўжо няма чым і працягваць будаўніцтва, і плаціць вялікую арэнду. Нам вынесьлі рашэньне на знос, і мы зьвярнуліся ў Генпракуратуру. Яна вынесла пратэст у дачыненьні іншых аб’ектаў, а тут не знайшла магчымасьці з прычыны рашэньня Вярхоўнага суду. Але ж мы не вінаватыя, мы сумленна выконвалі рашэньне гораду і будавалі згодна з усёй дазвольнай дакумэнтацыяй. Атрымліваецца, нас сьвядома штурхалі на выкананьне нямэтавага будаўніцтва. У выніку ў нас заканчваюцца тэрміны зносу, мы плацім вялікую арэнду. Мы вырашылі будынак зьнесьці, вызначылі падрадчыка, і сёньня ён пачне знос. Мы цярпелі і ўжо разумеем, што няма сэнсу працягваць гэтую агонію. Мы засталіся ў дурнях, нічога пры гэтым не парушаючы, выконваючы рашэньні ўладаў».

«РэвіТар Інвэст» гатовы быў урэшце падзяліць будынак перагародкай і працягнуць будоўлю ўжо двух аб’ектаў, калі такое рашэньне прымуць гарадзкія ўлады. Паводле Сяргея Тарасюка, такое выйсьце прапаноўваў старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Павал Лучыновіч. Аднак насустрач інвэстару ўлады не пайшлі.

​Генпракуратура апратэставала рашэньні Менгарвыканкаму аб зносе будынкаў грамадзкага харчаваньня ў Каменнай Горцы (дзе разьмешчаныя рэстарацыі хуткага харчаваньня KFC, Texas Chicken і Burger King), а таксама будынкаў на выхадзе з мэтро «Ўсход».

Канфлікт пачаўся яшчэ ў 2015 годзе, калі кампанія «РэвіТар Інвэст» адмовілася зьнесьці свае кавярні каля выхаду са станцыі мэтро «Ўсход» на патрабаваньні сэрбскай кампаніі «Зомэкс Інвэстмэнт», якая ўваходзіць у склад буйнога інвэстара Dana Holdings.

Рашэньні Менгарвыканкаму аб зносе Генпракуратура прызнала не адпаведнымі заканадаўству. Улады павінны разгледзець пратэст. Якое рашэньне прынятае, кіраўніцтва «РэвіТар Інвэст» пакуль ня ведае.

Паводле неафіцыйных крыніц, улады зьбіраюцца зьвярнуцца ў суд, каб спыніць гаспадарчыя правы кампаніі на гэтыя будынкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG