26 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка возьмуць удзел у першым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Гомлі. Перад форумам міліцыя вырашыла забраць зарэгістраваную ў гамельчукоў зброю «на часовае захаваньне».
«Патурбавалі сёньня зь міліцыі з патрабаваньнем здаць ім на часовае захоўваньне мой старэнькі газавы вальтэр. На якой падставе? Незразумела. Кажуць — апэратыўнае мерапрыемства. Як жа — два прэзыдэнты адразу прыяжджаюць у Гомель! Напэўна, баяцца, што я, інвалід другой групы, магу перастраляць іх з газавага пісталета», — сказаў Свабодзе грамадзкі дзеяч Юры Варонежцаў.
Міліцыянт сказаў, што крайні тэрмін здаць пісталет — 24 кастрычніка.
Месяц таму да Юрыя Варонежцава прыходзіў участковы з плянавай праверкай наконт зброі. Ніякіх парушэньняў не знайшоў. Пісталет грамадзкі дзеяч мае на законных падставах з 1996 году. Кажа, што раней такіх патрабаваньняў міліцыя не выстаўляла.
Юры Варонежцаў накіраваў запыт у Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай патлумачыць, на якой падставе забіраюць пісталет.
«Павага да міліцыі зьнікае ў выніку такіх дзеяньняў. Гады́ і хваробы бяруць сваё, адыходжу ад спраў — а для ўлады раблюся яшчэ страшнейшы», — пажартаваў палітык.
Ён дадаў, што мае звычку ў такія «ўрачыстыя дні», як прыезд высокіх асоб, зьяжджаць на лецішча.
Іншы жыхар Гомля Ўладзімер — паляўнічы, стрэльбу трымае дома. Але яго міліцыя пакуль не турбавала.
«Справа ў тым, што я жыву на ўскрайку Гомля. Мяне не чапаюць. А ў тых, хто жыве ў цэнтры ці па маршруце, дзе будуць ехаць прэзыдэнты — у тых пэўна забяруць зброю. На ўсялякі выпадак», — мяркуе Ўладзімер.
Прэсавы сакратар Гомельскай управы ўнутраных спраў Віталь Прастромаў адмовіўся даць Свабодзе камэнтар з гэтай нагоды, параіў напісаць зварот, на які будзе адказана цягам 2 тыдняў.