Аляксандар Лукашэнка назваў Горадзеншчыну ўзорам для іншых рэгіёнаў краіны і хваліўся, што ў савецкі час вобласьць была «квітучым садам» СССР, дзе ён вучыўся вырошчваць вялізныя ўраджаі. У той жа дзень кіраўнік вобласьці расказаў яму пра недабор збожжа і праблему ў жывёлагадоўлі — забесьпячэньне кармамі. Калі за гады кіраваньня Лукашэнкі справы пагоршыліся нават у «квітучым садзе», то якая будучыня чакае іншыя рэгіёны краіны пры захаваньні такой палітыкі ў сельскай гаспадарцы?
Калі ў Беларусі не адмовяцца «адраджаць сяло» і не пачнуць рэальную зямельную рэформу з мэтай ствараць нармальныя сялянскія гаспадаркі, то праз 25 гадоў поўнач і ўсход Беларусі стануць бязьлюднай тэрыторыяй, як Смаленшчына і Пскоўшчына ў Расеі. Там запануе анархія. Людзі пачнуць самавольна секчы лес, браканьерыць, а ў ваколіцах будуць зьбірацца крымінальнікі. Сьледам пачне занепадаць інфраструктура.
У гэтым перакананы спэцыяліст у сытуацыйным аналізе Міхал Залескі. Каб нацыя была сытай і бясьпечнай, трэба пачаць аграрную рэформу і патраціць на яе ня менш за 25 гадоў.
«Перастаць насіцца зь вёскай як дурань з торбай»
Пэрспэктыва бязьлюдных земляў — ніякая не фантастыка і не страшылка, а выснова з дынамікі шчыльнасьці насельніцтва. Калі ў заходняй частцы Беларусі яна хаця б падобная да эўрапейскай, то ва ўсходняй частцы — ужо цяпер запалярная, кажа Залескі. Малыя беларускія вёскі імкліва выміраюць, ніякія інвэстыцыі іх ужо ня выратуюць, кажа экспэрт.
Францускія сацыёлягі даўно прыйшлі да высновы, што калі сярэдні ўзрост жыхароў нейкай вёскі большы за 45 гадоў, то на ёй можна ставіць крыж і сьціраць з мапы. Ніякія ўкладаньні ў сацыяльную інфраструктуру, у агракультуру, каапэрацыю такой вёсцы ўжо не дапамогуць. Людзям там трэба дазволіць спакойна дажыць свой век і памерці.
— Пры захаваньні цяперашняга падыходу зь беларускай вёскі толку ня будзе. Кожнае пятае дзіця па сваім розуме, сацыяльных умовах і фізычных магчымасьцях ня ў стане там нармальна засвоіць праграму першай клясы. Кожны чацьверты работнік у вёсцы — алькаголік. Мы хочам іхнай рэпрадукцыі ці мы хочам іншых людзей? — рытарычна пытае аналітык.
Зрэшты, школаў там і так неўзабаве ня будзе, бо гэта робіцца немэтазгодным. Не пацягне дзяржава і ўтрыманьня старых людзей на вёсцы. У доказ Залескі прыводзіць закрыцьцё фэльчарскіх пунктаў у сельскай мясцовасьці, дзяржаве бюджэтна нявыгадных.
— Гэтыя выдаткі патрабуюць нейкага бяздоннага СССР, мясцовыя бюджэты іх проста не пацягнуць. І гэтых старых людзей будуць кідаць на волю лёсу. Ніхто імі ня будзе займацца. Трэба, каб кіраўнікі нарэшце вызначаліся з палітыкай і сказалі ім: уцякайце адсюль, бо мы далей будзем тут будаваць калгасны лад, дзеці, забірайце старых бацькоў.
Аграгарадкі і датацыі Залескі называе чыстай тактыкай, якая не вырашыць праблемы. А праблема, на ягоную думку, у браку аграрнай палітыкі.
— Вёска старэе. А навошта старым людзям аграгарадок? Ім што, клюб трэба ці камбінат бытавога абслугоўваньня? Ім зубы трэба палячыць. А там што, ёсьць стаматоляг? Ім скажуць: едзьце ў раённы цэнтар. Якую матывацыю дае аграгарадок? Што ўсім будзе добра? А хто там будзе працаваць? Іншыя людзі прыйдуць на тых умовах, якія іх будуць задавальняць.
Сялянскі двор — ратунак Беларусі
У сьвеце сельскай гаспадаркай займаюцца сем’і. А іхны галоўны інструмэнт — сялянскі двор — лад жыцьця, сумешчаны са сродкамі вытворчасьці. Колькасьць сялянскіх двароў розная ў розных краінах. Розная і плошча, на якой насельнікі аднаго двара гаспадараць. У Амэрыцы 300 гектараў, і трое сялян там кормяць 300 гараджан. У Эўропе сярэдні памер — 49 гектараў. У Беларусі ж, як кажа Аляксандар Лукашэнка, памер сярэдняй гаспадаркі — на базе аграгарадка — мае быць 22 тысячы гектараў. А на двор, на сям’ю парабка, уласнай зямлі даецца як рабу ў рымскай лятыфундыі.
— Але чаму ў Даніі, адной з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў Эўропе, няма аграгарадкоў? Чаму іх няма ў Польшчы? Данія трымаецца на каапэрацыі, а Польшча на высокім узроўні аграпрамысловай інтэграцыі. І чаму польскія гаспадаркі жывучыя? Бо там ёсьць нармальная перапрацоўка і збыт. Бо і ў Польшчы, і ў Швэцыі і Амэрыцы захаваліся сялянскія гаспадаркі.
Таму вёска ў Беларусі павінна быць, як і ўва ўсёй астатняй Эўропе, а нават лепшая, дадае Залескі.
— Калі стаць з галавы на ногі, то ўсё вернецца да тых месцаў, дзе гэта выгадна рабіць. Гаспадарыць сяляне будуць вакол вялікіх гарадоў ды на найлепшай зямлі.
У Беларусі ўрадлівасьць зямлі у розных месцах розная. У Слуцку і Талачыне розьніцца хіба ў чатыры разы. То і вынікі будуць розныя. Дык навошта займацца збожжам там, дзе яго больш за 20 ц з гектару не атрымаеш? Дзе няма 300 цэнтнэраў бульбы з гектару, там няма чаго займацца бульбай, кажа Залескі.
— Ёсьць раёны, дзе гаспадарку цяжка весьці эфэктыўна. Дык вось раёны, якія знаходзяцца ў адносна неспрыяльных умовах, і робяцца бязьлюднымі. Рэдукцыя землекарыстаньня ў краіне адбываецца да ўзроўню XVII ст.
Зь іншага боку возьмем, напрыклад, Заслаўе, прапануе Залескі. Там гароды ў людзей на адным месцы паўтары тысячы гадоў. І зямля не бяднее. У Тураве 2000 гадоў на адным месцы. Там такі чарназём, якога ва Ўкраіне няма.
Адкуль браць сялян?
Залескі нагадвае, што больш за тысячу гадоў беларусы былі вытворцамі лёну, а цяпер краіна вырабляе лёну менш, чым у 1913 годзе. Да 1929 году ў Беларусі — і заходняй, і ўсходняй — было 1,5 млн авечак. Коней былі мільёны. І ўсім хапала корму, не завозілі ні з Польшчы, ні з Расеі. І ня было ніякай мэліярацыі. 3 млн гектараў мэліяравалі ўжо потым. 120 гадоў таму Віцебская і Магілёўская губерні поўнасьцю забясьпечвалі грушамі і вішнямі Санкт-Пецярбург і Маскву з агульным насельніцтвам у 5 млн чалавек.
— Не Аргентына і не Аўстралія, а мы. А куды дзеліся гэтыя вішні і грушы? Іх перамог калгас і аргагарадок. Бо няма сялянаў. У 1900 годзе селянін у Рэчыцкім павеце, які меў менш за 10 кароў, лічыўся бедным. Але калі будуць ня парабкі, а сяляне, то ізноў зьявяцца і вішні, і грушы.
У раёнах, дзе весьці гаспадарку спрыяльна, ахвотныя працаваць знойдуцца заўсёды, лічыць Міхал Залескі. У Беларусі спрыяльная зона — гэта паласа ад Малой Бераставіцы да Капыля. Чорная зямля ідзе праз Наваградак, Карэлічы, Клецак, Слуцак. І яна ня горшая, чым ва Ўкраіне. Тое самае датычыць Амсьціслава, Шклова, Горак і Дрыбіна.
— Там спрадвеку пасьпяхова займаліся сельскай гаспадаркай. Людзі застаюцца толькі там, дзе гэта выгадна. І праз 20, і праз 100 гадоў будуць людзі, якія захочуць займацца сельскай гаспадаркай, і будуць займацца эфэктыўна. А сёньня мы страшна шмат страчваем на захаваньні савецкай формы яе вядзеньня.
Ежа заўсёды будзе карыстацца попытам, нагадвае экспэрт, а значыць, будуць і людзі, якія не палянуюцца вырабляць ежу і прадаваць яе.
Падлічана, што за датацыі ў беларускую сельскую гаспадарку краіна магла б купляць неабходныя прадукты харчаваньня ў Польшчы. Але кожная дзяржава ня можа заставацца выключна на імпарце. Існуе паняцьце харчовай бясьпекі.
— Наш вялікі лідэр Усяслаў Чарадзей у свой час запісаў норму харчовай бясьпекі для Беларусі: 20 пудоў збожжа на жывую душу ў год, то бок на сёньняшняе насельніцтва 3 млн 600 тысяч тонаў збожжа мінімум. Трэба столькі людзей, якія забясьпечаць пры якіх-хаця вонкавых умовах прынамсі такую колькасьць збожжа, бо зь ёй зьвязанае і пагалоўе сьвіней, і гавяды, і ўсё астатняе.
Зямельная рэформа або цуд некранутай прыроды
Сельская гаспадарка не патрабуе вялікай мудрасьці, яна проста не выносіць глупства, цытуе Міхал Залескі рымскага імпэратара Даміцыяна.
Без зямельнай рэформы і без пасьлядоўнасьці Беларусь, як іранізуе Залескі, ператворыцца ў цуд некранутай прыроды. На паўнавартасную, эфэктыўную рэформу і яе правядзеньне ў сучасных умовах патрэбна не менш за 25 гадоў.
Першыя пяць гадоў, паводле Залескага, павінна працаваць адмысловая падрыхтоўчая камісія. Адначасова неабходна правесьці падворны перапіс.
— Трэба ўлічыць ня проста двары, а хто там сядзіць, і чым яны займаюцца, і што яны могуць зрабіць, хто хоча і можа займацца сельскай гаспадаркай. Падчас рэформы павінны быць вырашаныя пытаньні правапераемнасьці, спадчыны. Трэба ўдасканаліць і стварыць новыя дакумэнты пра землекарыстаньне, выявіць рэальных асобаў, якія распараджаюцца гэтымі землямі. Патрэбная новая кадастравая ацэнка.
Пытаньне аб уласнасьці на зямлю мае вырашыць народ. Зямля можа стаць прыватнай уласнасьцю, але існуе і варыянт зь дзяржаўнай формай паводле галяндзкага ўзору. Кожная стратэгія будзе пасьпяховай, калі яна будзе пасьлядоўнай, кажа экспэрт.
— Калі людзям будзе сёньня абвешчана, што рэформа працягнецца 25 год, то ня будзе ніякай панікі. Гэта час, калі вымірае пакаленьне і прыходзіць наступнае. Час, якім скарысталіся ў краінах Балтыі, страчаны і будзе марнавацца далей. Ва ўладзе камуністы з камсамольцамі, якія любяць, каб хутка. А так не атрымаецца. Пакуль яны ня вымруць — нічога ня зьменіцца.
Вынікам рэформы павінны стаць прыватныя сельскія гаспадаркі, малыя, на адну сям’ю, і буйныя, акцыянэрамі якіх маюць стаць людзі, якія разумеюць, што яны робяць. Тыя, што маюць адукацыю і досьвед працы ў сельскай гаспадарцы.
Што праўда, у краіне дагэтуль няма месца, дзе рыхтуюць сялян, а толькі ВНУ, дзе рыхтуюць мэнэджэраў. Але і 130 тысяч чалавек зь сельскагаспадарчай адукацыяй, занятыя сёньня ў сельскай гаспадарцы, ды іхныя дзеці маглі б абрабіць гэтую зямлю, лічыць Залескі.