Прадстаўнік РПЦ назваў сьпіс месцаў, за малітвы ў якіх цяпер могуць нават адлучыць ад царквы.
На наступны дзень па абвяшчэньні разрыву Расейскай праваслаўнай царквы з Канстантынопальскай прадстаўнік РПЦ назваў «Інтэрфаксу» сьпіс месцаў, дзе праваслаўным Маскоўскага патрыярхату забаронена маліцца.
Паводле сакратара Аддзелу замежных царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату протаярэя Ігара Якімчука, гэта наступныя храмы Канстантынопальскага патрыярхату на папулярных турыстычных напрамках:
- у турэцкім Стамбуле (колішні Канстантынопаль);
- у турэцкай Анталіі;
- на грэцкім Крыце;
- на грэцкім Родасе і іншых астравах архіпэлягу Дадэканэс;
- у манастырах на грэцкім Афоне.
Якімчук адзначыў, што на Афон «адпачываць ня езьдзяць» (больш за тое, у манастырскі комплекс не пускаюць жанчынаў).
Гэта ня ўсе храмы Канстантынопальскага патрыярхату. Па ўсёй Турэччыне больш за сем дзясяткаў прыходаў, больш за сотню цэркваў на поўначы Грэцыі і грэцкіх астравах на ўсходзе.
Акрамя таго, у юрысдыкцыі Канстантынопалю знаходзяцца не згаданыя РПЦ Фінляндзкая і Эстонская аўтаномныя праваслаўныя цэрквы, сотні праваслаўных прыходаў у Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы, сотні храмаў у Нямеччыне, Ірляндыі і Вялікай Брытаніі, дзясяткі прыходаў у Бэльгіі, Італіі, Францыі і іншых краінах Эўропы, нават праваслаўныя храмы Аўстраліі. Што з наведваньнем усіх гэтых храмаў, Якімчук не растлумачыў.
Што будзе, калі там памаліцца
Паводле РБК, Якімчук растлумачыў, што вернікі, якія ня выканалі рашэньне Сыноду, маюць пакаяцца аб гэтым на споведзі.
За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы. Але гэтыя пакараньні, паводле арт. 6 Палажэньня аб царкоўным судзе РПЦ, нельга накладаць без дастатковых доказаў. Да таго ж трэба ўлічваць прычыны парушэньня, лад жыцьця вінаватага і іншыя рэчы, якія могуць апраўдаць парушальніка. За паклёп, які прывёў да пакараньня, паклёпніку мае быць тое самае пакараньне, што было пацярпеламу.
Што да шараговых вернікаў, то ім пры парушэньні забароны маліцца ў цэрквах Канстантынопальскага патрыярхату трэба менавіта пакаяцца на споведзі, а караць іх РПЦ ня можа.
«Кожны чалавек аўтакефальны сам па сабе»
Рашэньне РПЦ ад імя Беларускай праваслаўнай царквы падтрымаў кіраўнік БПЦ, грамадзянін Расеі Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел. Яно тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ.
Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ:
- пагадзіцца з рашэньнем і не маліцца ў канстантынопальскіх цэрквах;
- не пагадзіцца і маліцца ў канстантынопальскіх цэрквах;
- не пагадзіцца, але і не маліцца ў канстантынопальскіх цэрквах;
- не пагадзіцца і не маліцца ў цэрквах РПЦ.
Безумоўна, рэальнай магчымасьці пракантраляваць, хто ў якія цэрквы ходзіць, РПЦ ня мае. Але публічным асобам, якія належаць да РПЦ, парушэньне рашэньня Сыноду можа быць шкодным для рэпутацыі. У ліку такіх, верагодна, і Ўладзімір Пуцін, які ўжо двойчы наведваў Афон: у 2005 і 2016 гадах.