Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінафэст «Лістапад» адкрыюць фільмам, які спаборнічае зь беларускім за «Оскара»


Рэжысэр «Халоднай вайны» ўжо мае «Оскара» за «найлепшы фільм на замежнай мове» — за «Іду» 2013 году.

25-ы кінафэстываль «Лістапад» пройдзе з 2 па 9 лістапада на пяці пляцоўках у Менску. На адкрыцьці 2 лістапада ў кінатэатры «Масква» адбудзецца беларуская прэм’ера польскага фільму «Халодная вайна». На якой мове яго пакажуць, не ўдакладняецца.

«Халодную вайну» (Zimna wojna) зьняў польскі рэжысэр Павэл Паўлікоўскі — той самы, які ў 2013 годзе атрымаў прэмію Нацыянальнай кінаакадэміі ЗША за фільм «Іда» як за найлепшы замежны. Сёлета ягоная «Халодная вайна» таксама прэтэндуе на «Оскара» ў той жа намінацыі — разам зь беларускім «Крышталем», украінскім «Данбасам» і расейскім «Сабіборам», а таксама дзясяткамі іншых фільмаў з усяго сьвету.

Дзеяньне «Халоднай вайны» адбываецца ў 1950-х і 1960-х гадах у Польшчы, Югаславіі, Бэрліне і Парыжы, расказвае «немагчымую гісторыю каханьня» танцоркі і піяніста на фоне пасьляваенных руінаў. Паводле Metacritic, фільм станоўча ацанілі 93% крытыкаў, якія паставілі яму ў сярэднім 8,4 бала з 10.

Поўная праграма фэсту пакуль не апублікаваная, але ўжо вядомыя некаторыя дэталі.

Упершыню ў межах «Лістапада» Менскі плянэтарый пакажа праграму паўнакупальнага кіно. Самыя «пікантныя» (паводле арганізатараў) фільмы фэсту пакажуць уначы — будуць работы і ўжо знакамітых рэжысэраў, і малавядомых аўтараў.

Кінафэстываль «Лістапад» ладзяць Міністэрства культуры і Менгарвыканкам, старшыня фэсту — экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, сябра Савету Рэспублікі Генадзь Давыдзька. У журы фэстывалю — рэжысэры, кінакрытыкі, прадусары і пісьменьнікі зь Беларусі, Расеі, Польшчы, Чэхіі, Італіі, Францыі, Грузіі, Мэксыкі ды іншых краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG