На працягу апошніх трох стагодзьдзяў у беларускіх масах, як вядома пераважна сялянскіх, прышчапілася хвароба, якую можна акрэсьліць як «сындром халопа». Сутнасьць яе ў падсьвядомым адчуваньні сваёй нацыянальнай непаўнавартасьці, ніжэйшасьці, другаснасьці ў параўнаньні зь іншымі народамі, найперш паноўнымі над Беларусьсю.
У далёкім мінулым у Расеі і Беларусі ўзьніклі два блізкія па гучаньні, але істотна розныя па значэньні тэрміны: «хлоп» у беларусаў па дакумэнтах XVI — XVII ст. азначаў селяніна, «халоп» у маскавітаў быў сынонімам слова раб. Адсюль наш зварот да моладзі «хлопцы» і расейскае знакамітае з фільма Леаніда Гайдая: «Чей холоп будешь?»
Спачатку шляхта ў Вялікім Княстве Літоўскім, стаўшы часткай Рэчы Паспалітай, здабыўшы залатыя вольнасьці шляхты польскай, пачала пераймаць польскую мову і культуру, а потым і мэнтальна стала палякамі. Потым нас забрала Расея, якая не жадала прызнаваць беларусаў самастойным народам. Адсюль на працягу апошніх стагодзьдзяў, каб «стаць чалавекам», «выбіцца ў людзі», беларусу патрэбна было далучыцца да іншай «вышэйшай» культуры — расейскай ці польскай. Дзеля гэтага належала адмовіцца ад усяго свайго: ладу жыцьця, звычаяў, мовы і нават прозьвішча. Беларус Лакóтка станавіўся Лакаткó, а Казёл пераўтвараўся ў Кóзела.
Цікава, што падобных г. зв сялянскіх народаў у нашай частцы Эўропы было даволі шмат, напрыклад, славакі, славенцы, тыя ж літоўцы, у значнай ступені ўкраінцы і латышы. Толькі іх гісторыя павярнулася трохі ў лепшы бок.
Галоўнае, беларусам пасьля першай усясьветнай вайны не ўдалося абараніць незалежную дзяржаву, а створаная бальшавікамі БССР аказалася прыладай русыфікацыі і пасткай для нацыянальнай інтэлігенцыі, якая якраз ня мела комплексу непаўнавартасьці.
Нават пасьля здабыцьця краінай незалежнасьці ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя сындром халопа працягвае глыбока і моцна сядзець у сьвядомасьці/падсьвядомасьці беларускага насельніцтва, пачынаючы ад самага простага і да самага высокага чыноўнага люду. У ролі пана — аб’екта халопства — традыцыйна выступае Расея.
Тут і расейскія айчынныя войны аб’яўляюцца айчынна-беларускімі, тут і помнікі расейскім дзеячам, гарадавым, казакам і дэсантнікам. Тут і татальнае насаджваньне расейскай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Тут і з вуснаў беларускага дыктатара гучаць слоганы кшталту «беларусы — расейцы са знакам якасьці», ці «мы і рускія — адзін народ», або «Магілёў — расейскі горад». Апошні гучыць асабліва дасьціпна, калі хто ведае як магілёўцы ў 1661 г. абышліся з расейскімі стральцамі — выразалі ўсю царскую залогу.
А ў лукашэнкавай Беларусі сындром халопа са сфэры нацыянальнай лягічна пераходзіць у сацыяльную і ў навейшую гісторыю ўваходзіць вытанчана-халопскі дыялёг:
«- Я ж не Бог.
— Вы немножко выше!
— Ну, спасибо!»
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.