Праўленьне Саюзу біятляністаў Расеі (СБР) у пятніцу на сваім чарговым пасяджэньні дазволіла семярым спартоўцам перайсьці з зборнай Расеі ў каманды Ўкраіны і Беларусі без прымяненьня да іх абмежавальнага тэрміну.
Як інфармуе прэс-служба СБР, Анастасія Расказава і Кацярына Бех з гэтага часу будуць выступаць за зборную Ўкраіны, а Алена Кручынкіна, Ірына Кручынкіна, Ганна Мусатава, Арына Яборава і Мікіта Лабастаў — за каманду Беларусі.
«Улічваючы сяброўскія і канструктыўныя адносіны паміж фэдэрацыямі, а таксама інтарэсы спартоўцаў, Саюз біятляністаў Расіі дазваляе пераход вышэйзгаданых расейскіх спартоўцаў для працягу спартовай дзейнасьці ў складзе іншых зборных камандаў без прымяненьня да іх двухгадовага абмежавальнага тэрміну, прадугледжанага арт. 9 Канстытуцыі Міжнароднага Саюзу біятляністаў», — гаворыцца ў рашэньні праўленьня.
Зьмена спартовага грамадзянства звычайна суправаджаецца двухгадовым карантынам, якога можна пазьбегнуць толькі ў выпадку ўзаемнай згоды бакоў.
Бех і Расказаву першапачаткова таксама запрасіла беларуская фэдэрацыя, але «там нешта ня склалася». Пасьля гэтага дзяўчаты патэлефанавалі кіраўніку Фэдэрацыі біятлёну Ўкраіны Ўладзіміру Брынзаку. Той палічыў, што спартоўкі такога ўзроўню краіне ў любым выпадку не зашкодзяць.
Бацькі дзяўчат — грамадзяне Ўкраіны, але ўкраінскіх пашпартоў ў спартовак да пачатку працэсу натуралізацыі не было.