Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў у расейскіх трыкалёрах: сёньня тут чакаюць Пуціна. ФОТА


12 кастрычніка, у апошні дзень Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, Магілёў наведаюць Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін. Яны возьмуць удзел возьмуць удзел у пленарным пасяджэньні, а перад ім сустрэнуцца сам-насам.

Тое, што Пуцін прыедзе ў Магілёў, пацьверджана паведамленьнем яго прэсавай службы. На форум кіраўніка Расеі запрасіў Аляксандар Лукашэнка.

Расейскія сьцягі на будынку аблвыканкама
Расейскія сьцягі на будынку аблвыканкама

Пуціна прымуць у Палацы вобласьці з жырандолямі, мармурам і ляпнінай

Перад візытам Магілёў зазнаў маштабны рамонт і будаўніцтва. Размах работ быў нечуваны за апошнія дзесяцігодзьдзі. У колькі абышлася падрыхтоўка гораду да трохдзённага форуму, невядома. Будаўнічыя работы вяліся на аб’ектах, вызначаных як важныя для яго.

Палац вобласьці, у якім Лукашэнка прыме Пуціна
Палац вобласьці, у якім Лукашэнка прыме Пуціна

Пленарнае пасяджэньне форуму адбудзецца ў Палацы вобласьці. У яго рамонт уклалі 10 мільёнаў рублёў. Пуціна і Лукашэнку ў ім зьбіраюцца зьдзівіць вялізнай жырандоляй, інтэр’ерам, адштукаваным мармурам ды ляпнінай.

Магілёў сустрэне Пуціна трыюмфальнай аркай, якую дазволіў пабудаваць Лукашэнка

Як будуць дабірацца Лукашэнка і Пуцін да месца сустрэчы, невядома. Чакаецца, што кіраўнік Беларусі сустрэне калегу з Расеі ў магілёўскім аэрапорце. У такім разе абодвум давядзецца да Палаца вобласьці праехаць праз увесь горад. З раніцы ў Магілёве шмат міліцыі. ДАІ кантралюе зьезды з цэнтральных вуліц.

Трыюмфальная арка на ўезьдзе ў Магілёў зь менскага кірунку
Трыюмфальная арка на ўезьдзе ў Магілёў зь менскага кірунку

Першае, што яны ўбачаць на ўезьдзе ў Магілёў — трыюмфальную арку. Дазвол на будаўніцтва даў Лукашэнка. Яе сьпяшаліся здаць да форуму. Адкрыцьцё адбылося 9 кастрычніка. Арка абышлася ў 750 тысяч рублёў «спонсарскай дапамогі» мясцовых прадпрыемстваў і гараджан. Да канца будоўлю не давялі, бо не хапіла грошай. Каб падысьці да аркі, трэба парушыць правілы дарожнага руху. Пешаходных пераходаў да яе праз ажыўленую шашу няма. Абяцаных падземных пераходаў не праклалі.

Ці пойдзе Пуцін з Лукашэнкам на агромністы кірмаш?

Далей кіраўнікі дзяржаў праедуць адрамантаваным шашой у цэнтар гораду. Невядома, ці захочуць яны пабываць на кірмашы-выставе «Горад майстроў», але пабачыць яго змогуць.

Кірмаш на пешаходнай вуліцы Ленінскай
Кірмаш на пешаходнай вуліцы Ленінскай

Кірмаш адкрылі старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч і старшыня Савету Фэдэрацыі Расеі Валянціна Матвіенка 11 кастрычніка.

Пад яго аддалі пешаходную вуліцу Ленінскую, частку цэнтральнай Першамайскай, а таксама прылеглыя да іх сквэры. Вялікую пляцоўку заставілі павільёнамі ды сцэнамі для музычных калектываў зь Беларусі і Расеі. Для магілёўцаў выступалі прадстаўнікі народаў, многіх зь якіх яны ніколі ня бачылі.

На кірмашы Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі
На кірмашы Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі

Мінакоў у яткі заваблівалі харчамі, пітвом ды сувэнірамі. Былі і такія, што наважваліся тут жа выпіць. Такіх аднак была меншасьць. Многія дазвалялі сабе толькі паглядзець на вітрыны.

Для гэтых жанчын кірмаш — сьвята
Для гэтых жанчын кірмаш — сьвята

«Каб заробак выплацілі, дык форум быў бы весялейшым», — сказаў адзін з наведнікаў кірмашу. На яго словы адрэагавала жанчына: «Далі аванс. Павесялюся тут, а потым за што жыць буду?»

Пуціну пакажуць Дняпро і мост з ільвамі

Далей Пуцін і Лукашэнка пабачаць найстарэйшы пляц гораду, які цяпер называецца плошчай Славы, а ў даўнейшыя часы меў назву Гандлёвы. Цяпер на ім узвышаецца ратуша і мэмарыял «Барацьбітам за савецкую ўладу».

Плошча Славы і падчас форуму ня дужа людная
Плошча Славы і падчас форуму ня дужа людная

Да форуму плошчу таксама рамантавалі. На ёй памянялі гранітнае пакрыцьцё, а на самім пляцы пераклалі плітку.

Плошча ў сьцягах Беларусі і Расеі. Расейскай афіцыйнай сымболікі ў Магілёве поўна. Расейскімі і беларускімі сьцягамі абвешаныя ўсе ліхтарныя слупы ўздоўж цэнтральных вуліц. Лунаюць трыкалёры і на дзяржаўных будынках.

Магілёўскі леў на мосьце праз Дняпро. На заднім пляне ратуша
Магілёўскі леў на мосьце праз Дняпро. На заднім пляне ратуша

На пад’езьдзе да Палаца вобласьці Пуцін, які ў Магілёве будзе ўпершыню, з акна аўтамабіля пабачыць Дняпро. На мосьце празь яго стаяць скульптуры львоў. За тры сотні мэтраў ад мосту і сам Палац вобласьці.

Пра што будуць гаварыць у Магілёве Пуцін і Лукашэнка?

Апошні раз Лукашэнка сустракаўся з Пуціным 21 верасьня. Што канкрэтна абмяркоўвалі прэзыдэнты дзьвюх краінаў, невядома. Перад пачаткам перамоваў Пуцін казаў, што яму з Лукашэнкам «трэба зьверыць гадзіньнікі ў некаторых пытаньнях, асобныя зь іх дарэгуляваць», згадваў пытаньні сельскай гаспадаркі і энэргетыкі.

На кірмашы прэзэнтавалі музэй з Круглянскага раёну «Назад у СССР»
На кірмашы прэзэнтавалі музэй з Круглянскага раёну «Назад у СССР»

Пра што будуць гаварыць Лукашэнка і Пуцін у Магілёве, таксама невядома. Пленарнае пасяджэньне форуму пройдзе на тэму: «Прыярытэтныя кірункі разьвіцьця рэгіянальнага супрацоўніцтва як выключнага фактару інтэграцыі і саюзнай дзяржавы». Пачатак пасяджэньня заплянаваны на 11 гадзін.

Акрамя Ўладзіміра Пуціна, на форум прыехалі больш за 2 тысячы яго суайчыньнікаў. Наведаліся ў Магілёў 21 губэрнатар і 16 кіраўнікоў прадстаўнічых органаў улады расейскіх рэгіёнаў. Заяўляецца, што на форуме падпішуць кантрактаў на 500 мільёнаў даляраў.

Была на кірмашы і Руская вуліца
Была на кірмашы і Руская вуліца

Пасьля пленарнага пасяджэньня ўдзельнікі форуму пачнуць разьяжджацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG