Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўплывае Прэмія Гедройця на ўспрыманьне беларускай літаратуры?


Як думаю, абмеркаваньне вынесенага ў загаловак пытаньня будзе дарэчы напярэдадні ўручэньня сёмай па ліку Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Заснаваную пад канец 2011 году Прэмію Гедройця сёньня звычайна называем найбуйнейшай незалежнай (недзяржаўнай) літаратурнай прэміяй у Беларусі, і гэтае вызначэньне, лічу, не выклікае сур’ёзных пярэчаньняў. З чым мацней зьвязваць эпітэт «найбуйнейшая» — з грашовай часткай прэміі ці з памерам зацікаўленьня ёю ў коле аматараў літаратуры — я не бяруся высьвятляць, бо няма ў мяне адпаведнай інфармацыі.

Затое цягам апошніх шасьці месяцаў Свабода назьбірала даволі аб’ёмістую інфармацыю пра чытацкія густы і навыкі той часткі беларускага грамадзтва, якая актыўна чытае беларускую літаратуру і, у дадатак, актыўна працуе зь беларускім словам. То бок, у той часткі грамадзтва, якая актыўна фармуе публічны вобраз беларускай літаратуры. На падставе гэтай інфармацыі, як думаю, можна зрабіць пэўныя высновы пра тое, ці ўплывае Прэмія Гедройця на ўспрыманьне беларускай літаратуры сярод гэтай асабліва актыўнай групы чытачоў.

Я маю на ўвазе чытацкую апытанку, якую мы праводзілі з 1 красавіка па 7 кастрычніка сёлета, і публікавалі яе на выходных цягам апошняга паўгодзьдзя. У суме, мы апыталі 51 чалавека, задаўшы кожнаму ўдзельніку 21 пытаньне. Першым адказаў на нашу апытанку Ўладзімер Арлоў. Потым пайшлі іншыя: Ян Максімюк, Тацяна Барысік, Аляксандар Лукашук, Юры Станкевіч, Людміла Рублеўская, Алесь Анціпенка, Андрэй Хадановіч, Наста Кудасава, Марат Баскін, Сяргей Дубавец, Альгерд Бахарэвіч, Павал Касьцюкевіч, Вальжына Морт, Макс Шчур, Ева Вежнавец, Зьміцер Вішнёў, Таня Скарынкіна, Валянцін Акудовіч, Юлія Чарняўская, Аляксандар Фядута, Анка Ўпала, Юля Цімафеева, Алена Брава, Ганна Кандрацюк, Сабіна Брыла, Павал Севярынец, Вольга Бабкова, Сяргей Астраўцоў, Вольга Гапеева, Алесь Аркуш, Уладзімер Папковіч, Дар’я Ліс, Яўген Бяласін, Паліна Качаткова, Валеры Гапееў, Міхал Бараноўскі, Сяргей Шупа, Ціхан Чарнякевіч, Аляксей Знаткевіч, Ігар Кулікоў, Марына Шода, Усевалад Сьцебурака, Данута Бічэль, Андрэй Скурко, Алена Масла, Павал Ляхновіч, Ганна Янкута, Франц Сіўко, Марыя Мартысевіч, Марыя Роўда, Аксана Данільчык.

Назваць гэтае апытаньне сацыялягічным дасьледаваньнем я не зьбіраюся — таму што выбарка рэспандэнтаў тут асаблівая, арыентаваная амаль выключна на пісьменьнікаў, перакладчыкаў і журналістаў; самыя ж пытаньні сфармуляваныя так, каб выявіць індывідуальнасьць рэспандэнта, а не яго тыповыя рысы, якія паддаюцца стандартнаму сацыялягічнаму аналізу. Тым ня менш адказы на некаторыя пытаньні даюць, як той казаў, матэрыял для роздуму. У тым ліку для роздуму пра Прэмію Гедройця.

Возьмем, для прыкладу, пытаньне: «Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?»

Атрыманьне прэміі кнігай як адзін са штуршкоў для прачытаньня кнігі назвалі больш ці менш экспліцытна 10 рэспандэнтаў. Сем жа рэспандэнтаў спэцыяльна агаварылі, што атрыманьне прэміі не ўплывае на іх чытацкія звычкі («прэміі расчароўваюць» — Альгерд Бахарэвіч; «прэміі не пераконваюць» — Яўген Балясін; «дакладна» не ўплываюць — Андрэй Скурко; намінанты на прэмію цікавейшыя за ляўрэатаў — Юлія Чарняўская). А Марыя Мартысевіч адзначыла, што ўсё пералічанае ў нашым пытаньні, значыць, і літаратурныя прэміі, «у апошнія тры гады [уплывае] хутчэй на рашэньне не чытаць той ці іншай кнігі». Астатнія рэспандэнты — 34 чалавекі — называлі «нешта іншае» ў якасьці стымулаў для чытаньня літаратуры.

Шчыра кажучы, для мяне гэта даволі несуцяшальны вынік нашай апытанкі. Бо ён пярэчыць агульна прынятаму перакананьню, нібыта беларускія літаратурныя прэміі, лік якіх усё яшчэ расьце, для таго і прыдуманыя, каб стымуляваць зацікаўленьне чытаньнем кніг. А тут наце вам...

Цяпер яшчэ болей дзёгцю ў гедройцеўскую бочку мёду.

Давайце разгледзім сукупна адказы на тры пытаньні — «Якую кнігу вы чытаеце цяпер?», «Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?» і «Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?» — у ракурсе іх датычнасьці да пераможцаў Прэміі Гедройця. Колькі з апытаных згадалі кнігі гэтых пераможцаў і саміх пераможцаў сярод сваіх «выдатных кніг» і «любімых» ды «ацэненых» пісьменьнікаў?

Спачатку прыгадаем пераможцаў.

  • 2012 — Павал Касьцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту»;
  • 2013 — Уладзімер Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без»;
  • 2014 — Ігар Бабкоў «Хвілінка»;
  • 2015 — Віктар Казько «Час зьбіраць косьці»;
  • 2016 — Макс Шчур «Завяршыць гештальт»;
  • 2017 — Зьміцер Бартосік «Быў у пана верабейка гаварушчы».

«Хвілінку» Ігара Бабкова экспліцытна згадалі два ўдзельнікі апытаньня; тое самае было з «Завяршыць гештальт» Макса Шчура. Іншыя кнігі-пераможцы Прэміі Гедройця рэспандэнтамі ня згадваліся.

Ну, ОК, — гэта, магчыма, ніякі не паказьнік, што кніг-пераможцаў наша выбарка рэспандэнтаў амаль што не чытала. Проста нашы рэспандэнты адказвалі на пытаньні, што чытаюць цяпер або што чыталі «апошнім часам», а гэтыя кнігі яны, магчыма, прачыталі раней, чым «апошнім часам»…

Дык давайце паглядзім, колькі разоў пераможцы Прэміі Гедройця згадваліся удзельнікамі апытанкі сярод іх любімых і ацэненых раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў. Вынікі такія:

  • Павал Касьцюкевіч — 3 разы;
  • Уладзімер Някляеў — 3 разы;
  • Ігар Бабкоў — 4 разы;
  • Віктар Казько — 2 разы;
  • Макс Шчур — 4 разы;
  • Зьміцер Бартосік — 5 разоў.

Вось так. Не хацеў я нікога апанурваць напярэдадні абвяшчэньня чарговай Прэміі Гедройця, але неяк само сабой так выйшла.

Хоць, ня выключана, нас ўжо немагчыма мацней апанурыць. Бо беларускую літаратуру мы працягваем любіць нягледзячы на тое, што яна існуе, калі можна так сказаць, па-за ўсялякімі сацыялягічнымі парамэтрамі. Няблага падобную думку выказаў Ціхан Чарнякевіч у адным са сваіх адказаў на апытанку: «Беларускіх цаню ўсіх, бо пісаць літаратуру на нашай мове — занятак сам па сабе даволі рызыкоўны і нічым не абумоўлены, гэта вырачаны на правал бізнэс, ад якога можна займець цэлы жмут балячак, траўмаў і комплексаў».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG