Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суд — зь вершамі. Журналіст Зьміцер Лупач спрабаваў аспрэчыць свой чарговы штраф


Журналіст Зьміцер Лупач у судзе
Журналіст Зьміцер Лупач у судзе

Глыбоцкі журналіст Зьміцер Лупач прыйшоў на пасяджэньне абласнога суду ў майцы зь вершам, які сьцісла перадае зьмест ягонай касацыйнай скаргі:

Суд зямны — ня суд нябескі,
На хаду сякуць з пляча:
Грошы драў зь людзей
Дранеўскі — Штраф злупілі з Лупача.

Судзьдзя Віцебскага аблсуду Сьвятлана Іванова пастанавіла, што штраф зь незалежнага журналіста «злупілі» цалкам законна. І пакінула бязь зьменаў рашэньне Браслаўскага райсуду ад 4 верасьня, калі судзьдзя Аляксандар Вязіцкі пакараў Зьмітра Лупача штрафам у памеры 36 базавых велічыняў (882 рублі).

Журналіста пакаралі паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) за апытаньне жыхароў Браслава, якое ўвайшло ў сюжэт «Настаўніцу садзяць за кветку, а карупцыянэры Лукашэнкі — на свабодзе», паказаны на тэлеканале «Белсат».

Сюжэт тычыўся карупцыйнай справы, распачатай супраць былога старшыні Браслаўскага райвыканкаму Ўладзімера Дранеўскага і яго жонкі. Чыноўніку, арыштаванаму на працоўным месцы, інкрымінуюць атрыманьне хабару на суму каля 28 тысяч эўра. У апытаньні жыхары Браслава крытыкуюць мэтады працы былога старшыні.

«Нават калі мяне аштрафуюць дзесяць разоў, гэтых грошай ня хопіць, каб пакрыць страты, нанесеныя Дранеўскім. Таму ў мяне на майцы фатаздымак Дранеўскіх на фоне пачкаў эўра і мой фатаздымак падчас зьбіраньня грошай на штраф», — кажа Зьміцер Лупач.

Сёлета журналіста ўжо восьмы раз спрабуюць пакараць за супрацу зь незалежным тэлеканалам «Белсат». Агульная сума ягоных штрафаў — 4189,5 рубля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG