Міжнародная арганізацыя RAW in WAR уганаравала пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч прэміяй імя Анны Паліткоўскай.
Алексіевіч узнагародзілі за «сьмелыя выступленьні аб несправядлівасьці на постсавецкай прасторы і прадстаўленьне голасу тым, хто патрапіў у пастку канфлікту ў мінулым ці сучаснасьці».
Алексіевіч стала першай беларускай ляўрэаткай узнагароды.
Аўтарка кніг «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд». Яе кнігі выдаваліся ў 19 краінах сьвету.
Прэмію імя Анны Паліткоўскай зацьвердзіла няўрадавая арганізацыя RAW in WAR (Reach All Women in War — Дапамагчы ўсім жанчынам у вайне), зарэгістраваная ў Вялікабрытаніі. Узнагародай адзначаюць жанчынаў, якія займаюцца журналістыкай, палітыкай ці праваабарончай дзейнасьцю, працуюць ва ўмовах вайны ці асьвятляюць вайсковыя канфлікты.
Першую прэмію ў 2007 годзе атрымала расейская журналістка Натальля Эстэмірава.
Журналістку расейскай «Новой газеты» Анну Паліткоўскую забілі ў ліфце свайго дому ў 2006 годзе. Апошнія гады журналістка асьвятляла вайсковы канфлікт у Чачні.