У Магілёве судзяць грамадзяніна Расеі Паўла Цімафеева, які летась учыніў напад на мясцовае аддзяленьне Беларусбанку. Яму інкрымінуюць разбой дзеля авалоданьня маёмасьцю ў асабліва буйным памеры і захоп групы закладнікаў у карысьлівых мэтах. Сваю віну падсудны прызнае часткова. Справу разглядае судзьдзя Ленінскага суду Тацяна Рубіс.
Што зрабіў Цімафееў
20 лістапада ўзброены пісталетам Цімафееў у масцы, раскідваючы пэтарды, уварваўся ў аддзяленьне банку на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве. Загадаў, каб ягоны заплечнік наладавалі грашыма. Супрацоўніца пасьпела націснуць «трывожную кнопку», і банк неўзабаве атачыла міліцыя. На той момант у ім былі зь дзясятак чалавек, якія зрабіліся закладнікамі. Загадчыца аддзяленьня банку агучвала міліцыі патрабаваньні нападніка і прасіла адпусьціць людзей.
Пасьля таго як Цімафееву на яго патрабаваньне далі аўтамабіль, ён адпусьціў тых, хто быў у банку. Закладнікам выклікаўся быць першы намесьнік начальніка абласной міліцыі Аляксандар Васільеў, які сеў у той аўтамабіль і павёў яго. Адʼехаўшы колькісот мэтраў, міліцыянт выскачыў з машыны, а Цімафееў пералез з задняга сядзеньня за стырно. Пасьля таго як аўта заблякавалі, Цімафееў кінуўся наўцёкі.
Паводле міліцыянтаў, Цімафееў некалькі разоў стрэліў у машыну дэпартамэнту аховы. У адказ страляць пачалі па ім і паранілі ў нагу. Гэтак Цімафеева затрымалі. Экспэртыза паказала, што пісталет у яго быў не баявы, а сыгнальны. Акрамя пісталета ён меў нож.
Хто такі Цімафееў
Паводле зьвестак абласной міліцыі, Цімафееў — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. Яму 29 гадоў. Раней ён праходзіў службу ва ўнутраных войсках МУС Расеі на Далёкім Усходзе. Там жа два гады служыў у ваенізаваным горнавыратавальным атрадзе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.
У чэрвені 2017 году прыехаў у Магілёў да маці. Атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Жыў непадалёк ад аддзяленьня банку, якое хацеў абрабаваць. Незадоўга да ўварваньня ў банк звольніўся з працы.
У судовую залю Цімафееў прыходзіць на мыліцах. Ён наракае на здароўе. Кажа, што яму патрэбная апэрацыя, бо няправільна зраслася костка — адна нага карацейшая за другую на 4 сантымэтры, яму балюча сядзець. Паводле турэмных даведак, Цімафееў можа ўдзельнічаць у судовых пасяджэньнях.
Што кажуць пацярпелыя
Слуханьне справы пачалося 14 ліпеня, аднак праз праблемы са здароўем падсуднага тады на працэс даставіць не змаглі. Суд аднавіўся 27 верасьня. У гэты дзень пракурор зачытаў абвінавачваньне Цімафееву, пачаўся допыт пацярпелых, супрацоўнікаў банку і кліентаў, якія былі ў закладніках. 1 кастрычніка допыт пацярпелых працягваўся.
Кожная пацярпелая патрабуе спагнаць зь Цімафеева ў якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды па 5 тысяч рублёў. Усе жанчыны, якіх дапытваў суд, кажуць, што нават праз год не адышлі ад стрэсу, перанесенага 20 лістапада. Кожная кажа пра неадчэпнае адчуваньне страху.
Страхавы агент Галіна Якіменка 20 лістапада прыйшла ў аддзяленьне банку, каб здаць выручку, і аказалася ў закладніках. Цімафееў прыстаўляў жанчыне да галавы пісталет, каб яна агучвала міліцыі ягоныя патрабаваньні.
«У мяне ад страху перасохла ў роце і я стала задыхацца. У думках пачала разьвітвацца зь дзецьмі, прасіць прабачэньня перад імі. Тады ён кінуў мяне на падлогу», — казала пацярпелая суду, зазначыўшы, што старалася не глядзець на нападніка. Не глядзела на падсуднага жанчына і на судзе.
На пытаньне судзьдзі, ці ня мае пацярпелая непрыязнага стаўленьня да падсуднага, тая адказала: «Нешта такое ёсьць».
Бухгальтарка інстытуту тэхналёгіі мэталаў Нацыянальнай акадэміі навук Ганна Каржова сказала суду, што хварэе на цукровы дыябэт. Пасьля таго як ёй давялося пабываць у закладніках, ранейшы ўзровень цукру мэдыкам аднавіць не ўдаецца.
Калі Цімафееў уварваўся ў банк, то яна краем вока ўбачыла пісталет. Ёй падказалі легчы на падлогу. Таго, што адбывалася ў банку, яна ня бачыла, бо баялася падняць галаву. Чула, як нападнік патрабаваў грошай, не дазваляў нікому на яго глядзець. Неўзабаве яна страціла прытомнасьць.
Непрыязнага стаўленьня да Цімафеева жанчына ня мае. Як і іншыя пацярпелыя, яна просіць спагнаць зь яго 5 тысяч рублёў.
«Ён ужо сам сябе пакараў. Сапсаваў жыцьцё сабе і нам здароўе падарваў», — адказала яна на пытаньне суду пра стаўленьне да падсуднага.
Цімафееў паказаньні пацярпелых слухае спакойна і ўважліва. Пытаньняў не задае.
Наступнае пасяджэньне адбудзецца 2 кастрычніка.