На вуліцы Савецкай у Гомлі — чарговы «плітачны» аўрал. Трэці за два месяцы. Двойчы горад рыхтавалі да прыезду Лукашэнкі. Першы раз ён не прыехаў, на другі раз — зьявіўся.
У канцы кастрычніка ў Гомлі чакаюць не толькі кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, але і прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку.
25-26 кастрычніка ў Гомлі пройдзе першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Паводле папярэдняй праграмы, у мерапрыемстве прымуць удзел кіраўнікі дзьвюх дзяржаў.
На вуліцы Савецкай да важнай даты кладуць новую плітку — з нацыянальным арнамэнтам. У гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадарцы пракамэнтавалі, што новая плітка будзе пакладзена ад старога ўнівэрмагу да перакрыжаваньня Савецкай з праспэктам Перамогі.
Пры дзьвюх летніх падрыхтоўках да візыту Лукашэнкі новыя тратуары з арнамэнтам ўпрыгожылі ўчастак ад плошчы Леніна да старога ўнівэрмагу на Савецкай.
Новай пліткай у бліжэйшы час упрыгожаць і візытку гораду — палацава-паркавы ансамбаль. Гарадзкія ўлады спадзяюцца, што такім чынам будзе дасягнутае «кампазыцыйнае сугучча» з афармленьнем узьбярэжжа ракі Сож ў цэнтральным парку. Там арнамэнтная плітка была пакладзена яшчэ ў 2015 годзе.
На Форуме плянуецца абмеркаваць пэрспэктывы рэгіянальнага супрацоўніцтва краін, прэзэнтаваць эканамічны і інвэстыцыйны патэнцыял Беларусі, падпісаць кантракты і пагадненьні. Удзельнікі пасяджэньняў абмяркуюць разьвіцьцё трансгранічнага супрацоўніцтва ў сфэрах турызму, экалёгіі, супрацоўніцтва ў паліўна-энэргетычнай і прамысловай галіне.
Не застануцца па-за ўвагай пытаньні ўзаемнай прысутнасьці на рынках Беларусі і Ўкраіны, тавараабароту, супрацоўніцтва ў сфэры адукацыі і навукі.