Галоўная кантрольная палата Польшчы (NIK) правяла праверку выдачы Карты палякаў. На замежніках, якія хочуць атрымаць польскі дакумэнт, нажываюцца жулікі і некаторыя арганізацыі польскай нацыянальнай меншасьці, якія за 500-1500 даляраў фальсыфікуюць неабходныя дакумэнты. Пра гэта піша Gazeta Wyborcza.
Ад 2007 да 2017 году заявы на Карту паляка падалі больш за 220 тысяч чалавек. Палова зь іх у Беларусі і ва Ўкраіне. Аднак, паводле Галоўнай кантрольнай палаты Польшчы, консульскія аддзелы не спраўляюцца зь вялікай колькасьцю заяваў. У Астане (Казахстан) да працэсу прызнаньня Картаў палякаў далучылі нават дапаможны пэрсанал без польскага грамадзянства. У Горадні рэкорд чаканьня на сумоўе з консулам склаў 380 дзён.
Як выявілі кантралёры, не ва ўсіх консульскіх аддзелах ёсьць абсталяваньне для выкрыцьця фальшывых дакумэнтаў. На гэтым нажываюцца ашуканцы, якія за канкрэнтую суму гатовыя падрыхтаваць пакет падробленых дакумэнтаў.
Паводле NIK, праблема падробак вельмі сур’ёзная. У 2015-17 гадах консулы пяці ўстановаў раскрылі 151 спробу вырабіць дакумэнт на падставе падробленых дакумэнтаў. Аднак у большасьці выпадкаў яны не паведамлялі пра гэта праваахоўным органаў і ў выніку жулікі маглі адчуваць сябе беспакаранымі, піша Wyborcza.
Польскія консулы ў Астане і Віньніцы паведамлялі МЗС пра выпадкі, якія маглі сьведчыць пра продаж неабходных дакумэнтаў арганізацыямі польскай меншасьці. Калі консул паведаміў заяўніку, што дакумэнты выдадзеныя з парушэньнем правілаў, то той прызнаўся, што перадаў на карысьць арганізацыі 1,5 тысячы даляраў. У іншым выпадку даведку пра дзейнасьць у польскай арганізацыі атрымаў украінец з Казахстану.
У Астане, Горадні, Луцку і Віньніцы кантралёры выявілі, што ажно 20% пастановаў аб выдачы Карты паляка былі выдадзеныя з парушэньнем патрабаваньняў закону аб Карце паляка.