«Эўпэнта» можа вярнуцца ў паліклінікі, заявіў міністар. Самога скандалу з выкарыстаньнем незарэгістраванай вакцыны ён не пракамэнтаваў.
Міністар аховы здароўя Беларусі Валеры Малашка на адкрыцьці міжнароднай канфэрэнцыі «Малекулярная дыягностыка – 2018», як піша Tut.by, зрабіў заяву наконт справы з выкарыстаньнем незарэгістраванай у Беларусі вакцыны «Эўпэнта», пасьля прышчэпкі якой памерлі прынамсі двое дзяцей.
«На шчасце, тая гістэрыя, што была паднятая ў прэсе з нагоды, зарэгістраваная вакцына або не зарэгістраваная, не прывяла да адтоку насельніцтва, якое хоча вакцынавацца, — перадае Tut.by словы Валерыя Малашкі. — Прышчэпкі не спынілі рабіць, бацькі даверыліся сыстэме аховы здароўя.
Зразумела, што вакцынацыя апрыёры нясе ў сабе посьпех: сёньня мы паміраем не ад інфэкцыйных хваробаў, а ад кардыялягічных, анкалягічных захворваньняў. Колькасьць цяжкіх выпадкаў інфэкцыйных захворваньняў сёньня мізэрная ў параўнаньні з тымі пагрозамі, якія былі б, калі б мы не прышчапляліся».
Міністар таксама заявіў, што «Эўпэнта», на яго думку, можа неўзабаве вярнуцца ў паліклінікі, хоць цяпер яе выкарыстаньне прыпыненае.
Самога факту выкарыстаньня незарэгістраванай вакцыны ён не пракамэнтаваў.
Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць
- 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
- Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
- Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
- На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
- Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
- З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
- 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
- Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
- Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
- Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.