Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова адказала на прызнаньне журналіста парталу Tut.by Дзьмітрыя Бобрыка пра тое, што ён пад ціскам падпісаў дакумэнт аб супрацоўніцтве.
Рэдактар фінансавага аддзелу Tut.by Дзьмітры Бобрык 25 верасьня ў сваім фэйсбуку напісаў, што падпісаў у Сьледчым камітэце дакумэнт «пра супрацоўніцтва».
Журналіст сьцьвярджае, што ў цэнтральным апараце ведамства яму і ягоным блізкім пагражалі.
Пад ягоным пастом зьявілася шмат допісаў калегаў, сяброў, у якіх журналістамі падтрымлівалі.
А раніцай 26 верасьня афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова адказала: «Самая кароткая небыліца: Сьледчы камітэт завербаваў».
Адразу пасьля затрыманьня і допыту ў Сьледчым камітэце ў справе БелТА Дзьмітры Бобрык расказваў Свабодзе, як зь ім абыходзіліся:
«Заламалі рукі, павалілі на падлогу. Разьбілі вялікае люстра — зьдзіўляюся, як я не парэзаўся. Усяго было 9-10 чалавек. Потым паклалі на канапу са зьвязанымі рукамі... У Сьледчым камітэце ўзялі падпіску аб невыдаваньні. Сьледчыя паводзілі сябе па-рознаму: адны карэктна, другія ня вельмі. Былі пагрозы ў адрас маіх родных, блізкіх, ажно да абнародаваньня нейкіх фактаў майго асабістага жыцьця. Адваката мне не далі, пратрымалі ў Сьледчым камітэце гадзін 10, адпусьцілі позна ўвечары», — расказаў Зьміцер.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.