Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў узмацніць мяжу з Украінай, каб спыніць нелегальны перавоз зброі


Ілюстрацыйнае фота. Украіна ўзмацніла кантроль на мяжы зь Беларусьсю падчас расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017», 4 верасьня 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Украіна ўзмацніла кантроль на мяжы зь Беларусьсю падчас расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2017», 4 верасьня 2017 году

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржсакратаром Савету бясьпекі Станіславам Засем і старшынёй Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатолем Лапо закрануў пытаньне аб магчымым павелічэньні колькасьці памежнікаў на асобных кірунках, паведамляе БЕЛТА.

«Там, дзе трэба, мы гэта зробім. Мы прынялі рашэньне аб умацаваньні мяжы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёньня бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю», — заявіў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка прывёў у прыклад інфармацыю, агучаную міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, паводле якой быў затрыманы чалавек з цэлым арсэналам зброі: «кулямёты, дзясятак аўтаматаў, два дзясяткі вінтовак, дзесяць тысяч патронаў і гэтак далей».

«Калекцыянуе? Так баявая ж усё зброя. Вось калекцыянэры... Адкуль усё гэта? Паглядзелі — у войску нашым усё на месцы. Завезьлі. Таму прынятае рашэньне ўсталяваць мяжу з Украінай», — сказаў Лукашэнка.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што з чэрвеня па верасень памежнікі праводзілі супольную апэрацыю «Рубеж-2018». Да яе былі далучаныя таксама праваахоўныя органы, грамадзкія фарміраваньні і мясцовае насельніцтва памежных рэгіёнаў.

За чатыры месяцы апэрацыі на мяжы выявілі і канфіскавалі каля 100 адзінак зброі і боепрыпасаў, не прапусьцілі празь дзяржаўную мяжу 1050 асобаў, выявілі 267 падробных і несапраўдных дакумэнтаў, за парушэньні памежнага рэжыму затрымалі амаль 900 грамадзян, канфіскавалі тавараў амаль на мільёны грыўняў (прыкладна 75 тысяч даляраў у эквіваленце) і спагналі штрафаў на суму 960 тысяч грыўняў (амаль 40 тысяч даляраў).

Ва ўкраінскім памежным ведамстве адзначылі, што ў часе супольнай апэрацыі абодва бакі забясьпечылі «высокі ўзровень узаемадзеяньня, своечасовы абмен інфармацыяй аб магчымай супрацьпраўнай дзейнасьці на ўкраінска-беларускай мяжы і апэратыўнае рэагаваньне на зьмены ў абстаноўцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG