Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах працуюць газавікі, яны заяўляюць, што мэмарыялу не пагражаюць


На тэрыторыі мэмарыялу ахвярам сталінізму ў лясным урочышчы Курапаты пад Менскам працуюць супрацоўнікі Менгазу. Свабода высьвятляла, што робяць газавікі і ці пагражае гэта мэмарыялу.

Газавікі працуюць у тым ліку на ўзвышшы, якое называюць курапацкай Галгофай. Першымі газавікоў заўважылі актывісты Ганна Шапуцька і Зьміцер Захарэвіч, якія выказалі занепакоенасьць, што яны могуць зачапіць існуючы народны мэмарыял.

Што робяць газавікі ў Курапатах

Уздоўж кальцавой аўтадарогі праз Курапацкі лес ужо пракладзеная новая нітка газаправоду. Гэтая траса абазначана жоўтымі слупамі, на якіх напісаныя дадзеныя пра глыбіню заляганьня трубаў. Адзін з такіх слупкоў недалёка ад Галгофы.

Але цяпер ужо на самой дарозе зьявіліся драўляныя калкі са стужкамі ў чырвоных і белых колерах, якімі звычайна будаўнікі пазначаюць месца працаў. Гэтыя знакі стаяць праз 20 мэтраў. Адзін зь іх аказаўся амаль на Галгофе, побач з памятным каменем, іншыя — на дарожцы.

Свабода зьвярнулася па тлумачэньні ў Менгаз і атрымала адказ: працы вядуцца ў адпаведнасьці з рэглямэнтам эксплюатацыі газаправоду і неўзабаве завершацца. Гэта сказаў Аляксандар Сазанчук, намесьнік галоўнага інжынэра арганізацыі.

Раскопак на Галгофе ня будзе

«У адпаведнасьці з правіламі прамысловай бясьпекі ў галіне газазабясьпячэньня, а таксама ў сувязі з падрыхтоўкай да восеньска-зімовага пэрыяду прадпрыемства „Менгаз“ ажыцьцяўляе рэглямэнтныя работы па тэхнічным абслугоўваньні газаправодаў, у тым ліку таго, які праходзіць па тэрыторыі ўрочышча Курапаты. Гэта прафіляктычныя працы ў адпаведнасьці з рэглямэнтам», — сказаў ён.

Паводле Аляксандра Сазанчука, у рэглямэнтныя працы ўваходзіць, сярод іншага, абазначэньне трасы газаправоду дадатковымі знакамі, але раскопваньне самой трубы не прадугледжанае.

«Калкі прыбяруць, працы закончацца бліжэйшым часам», — запэўніў намесьнік галоўнага інжынэра Менгазу.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці зьвязаныя гэтыя працы з плянамі ўсталяваць у Курапатах памятны знак, суразмоўца адказаў, што нічога пра гэта ня ведае. Адносна меркаваных плянаў пракладкі дадатковай галіны газаправоду ў абыход Курапатаў суразмоўца запэўніў, што ў рэглямэнтных працах падобнага ня значыцца.

Тут будзе дзяржаўны помнік ахвярам

Меркаваньне пра тое, што актыўнасьць газавікоў зьвязаная з плянамі ўсталяваць у Курапатах памятны знак па выніках нядаўняга дзяржаўнага конкурсу, выказаў палітык Павал Севярынец.

«Калі яны зьбіраюцца ўсталёўваць на Галгофе помнік, дык нешта мусяць зрабіць з газаправодам, бо ён там якраз праходзіць. Можна меркаваць і пра перанос трасы ў абыход Курапатаў», — не выключае палітык.

Замоўца мэмарыяльнага знаку, які плянуюць усталяваць у Курапатах, — Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Яна ж будзе фінансаваць працы.

Будаўнічыя працы вакол Курапатаў

На супрацьлеглым ад кальцавой дарогі баку поля паміж Курапатамі і рынкам «Экспабел» нядаўна пачалі рыць траншэю. Будаўнікі запэўніваюць, што газаправод тут ні пры чым, закладаюць новы сілавы кабэль, які зьвяжа «Экспабел» з катэджным пасёлкам.

На другім баку поля, каля аўтазапраўкі «Белнафтахіму», ад жніўня ў бок кальцавой дарогі пракладаюць газаправод і водаправод. Пракладаць водаправод ужо фактычна скончылі, а вось газаправод супрацоўнікі «Стоўпцыгазбуду» яшчэ дабудоўваюць.

«Мы сваю працу скончым хутка, можа ў канцы верасьня ці ў пачатку кастрычніка. Як атрымаецца. Засталося ня болей за 100 мэтраў. А вакол Курапатаў ня пойдзем, няма такога заданьня», — сказаў карэспандэнту Свабоды брыгадзір будаўнікоў Аляксандар Лукашоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG