Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін атрымае свой Нюрнбэрг, а Сянцоў — свой Нобэль»


Вярхоўная рада Ўкраіны ў аўторак прагаласавала за вылучэньне ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, асуджанага расейскім судом, да 20 гадоў пазбаўленьня волі за падрыхтоўку тэракту ў Крыме, на Нобэлеўскую прэмію міру. За адпаведную пастанову парлямэнт, які складаецца з 450 дэпутатаў, прагаласаваў зусім не аднагалосна: яна была прынятая толькі 245 галасамі пры 226 неабходных. Раней сваім правам вылучыць Сянцова на Нобэлеўскую прэмію скарыстаўся яе ляўрэат, былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

Алег Сянцоў, прызнаны расейскімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі палітвязьнем, ужо 129 дзён трымае галадоўку ў калёніі з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў з расейскіх турмаў — акрамя сябе самога. Некалькі прашэньняў аб ягоным памілаваньні, у тым ліку ад ягонай маці, якое яна даслала Ўладзіміру Пуціну, былі пакінутыя без разгляду. У Крамлі настойваюць на тым, што Сянцоў павінен асабіста папрасіць аб памілаваньні расейскага прэзыдэнта.

Правам вылучаць кандыдатаў на прэмію міру, адзіную з Нобэлеўскіх прэміяў, якую ўручае ня швэдзкі, а нарвэскі Нобэлеўскі камітэт, валодае абмежаванае кола асоб і арганізацый. Гэта члены міжнародных судоў, рэктары унівэрсытэтаў, прафэсары шэрагу сацыяльных і гуманітарных навук, дзейныя і былыя члены і дарадцы Нобэлеўскіх камітэтаў, а таксама ляўрэаты прэміі і прадстаўнікі арганізацыяў, якія калі-небудзь атрымлівалі яе.

Нобэлеўскі мэдаль, завочна ўручаны кітайскаму дысыдэнту Лю Сяабо
Нобэлеўскі мэдаль, завочна ўручаны кітайскаму дысыдэнту Лю Сяабо

Алег Сянцоў можа стаць ня першым ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі, якія знаходзяцца ў момант яе прысуджэньня за кратамі: у розныя гады ў такой жа сытуацыі аказваліся дзясяткі яе ляўрэатаў — ад таго ж Валэнсы да фактычнага лідэра М’янмы Аун Сан Су Чжы. Кітайскі праваабаронца Лю Сяабо, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 2010 годзе, быў арыштаваны за два гады да гэтага і памёр, так і ня вызваленым, праз 7 гадоў — у 2017-м. Нобэлеўскі тыдзень пачнецца зусім хутка, але Сянцоў вылучаны на прэмію, якая будзе ўручацца толькі ў наступным годзе.

Ініцыятарам вылучэньня Алега Сянцова на Нобэлеўскую прэмію міру ад парлямэнту Ўкраіны стаў дэпутат Аляксей Ганчарэнка, які раней прапаноўваў Уладзіміру Пуціну «узяць сябе ў закладнікі» ў абмен на вызваленьне рэжысэра.

— Ці складана было правесьці гэты дакумэнт празь Вярхоўную Раду, дамагчыся яго ўхваньня? Альбо гэта адбылося без асаблівых высілкаў?

— Не, гэта адбылося без асаблівых складанасьцяў, таму што зразумела, што пераважная большасьць украінскіх парлямэнтарыяў падтрымліваюць такую ідэю і лічаць яе слушнай. Мы перакананыя, што гісторыя ўсё расставіць на свае месцы, і ў выніку Пуцін атрымае свой Нюрнбэрг, а Сянцоў атрымае свой Нобэль.

— Чаму, на ваш погляд, расейскія ўлады так упарцяцца ў нежаданьні вызваліць менавіта Алега Сянцова? Такое адчуваньне, што Сянцоў зьяўляецца нейкай асаблівай фігурай у гэтым пытаньні.

— Я згодны з вамі, такое адчуваньне сапраўды ёсьць. Мабыць, той супраціў, якіаказвае Алег, выклікае дзікую нянавісьць у Пуціна і ягонага рэжыму. Іншым чымсьці растлумачыць гэтага я не магу. Акрамя таго, Сянцоў не ўкладаецца ў карцінку, якую Пуцін спрабуе прадаць усяму сьвету і ўласным грамадзянам: што ўсе крымчане хацелі ўзьяднаньня з Расеяй. Сянцоў — карэнны крымчанін, які нарадзіўся і пражыў усё сваё жыцьцё ў Крыме, які катэгарычна ня хоча станавіцца грамадзянінам Расейскай Фэдэрацыі і адмаўляе анэксію Крыму. Я думаю, што гэта таксама зьяўляецца прычынай таго, чаму менавіта адносна Сянцова такое нежаданьне нейкім чынам адпусьціць яго ва Ўкраіну.

Аляксей Ганчарэнка на акцыі памяці Барыса Нямцова 1 сакавіка 2015
Аляксей Ганчарэнка на акцыі памяці Барыса Нямцова 1 сакавіка 2015

— Ва Ўкраіне адносна хутка выбары, і некаторыя палітычныя сілы рэклямуюць сябе як сілы, якія могуць дамовіцца з Пуціным аб вызваленьні ўкраінскіх палітвязьняў у Расеі. Як вы думаеце, ці добра, калі гэтыя сілы прыйдуць да ўлады і дамовяцца пра гэта? Ці, наадварот, гэта тоіць у сабе некаторую небясьпеку?

— Я думаю, што гэта тоіць у сабе вельмі вялікую небясьпеку. Ёсьць пэўныя палітыкі, якія кажуць, што яны лёгка дамогуцца міру ад Пуціна, і гэта выклікае вельмі вялікія пытаньні і сумневы. Я ня веру ў гэта. Адзіны шлях, якім гэта можна зрабіць, — проста капітуляваць перад ім. У мяне ёсьць падазрэньні, што менавіта гэта і зьбіраюцца зрабіць гэтыя палітыкі — проста здацца на літасьць Пуціну. Але дакладна не для гэтага Ўкраіна прайшла апошнія амаль пяць гадоў, дакладна не для гэтага паклалі свае жыцьці тысячы ўкраінцаў, — кажа дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка.

Лідэр руху «Украінскі выбар — права народу» і кум Уладзіміра Пуціна Віктар Медвядчук, які лічыцца адным з ключавых пасярэднікаў паміж Украінай і Расеяй у справе абмену палоннымі і зьняволенымі, сьцьвярджае, што перамовы аб абмене Алега Сянцова «вядуцца пастаянна». Пра гэта Медвядчук заявіў 17 верасьня ў інтэрвію прарасейскаму ўкраінскаму тэлеканалу NewsOne. Паводле Медведчука, працэс перамоваў аб абмене Сянцова затармазіла забойства лідэра «ДНР» Аляксандра Захарчанкі. Тым часам у Маскве ля прыёмнай адміністрацыі прэзыдэнта Расеі трэці тыдзень працягваецца сэрыя адзіночных пікетаў у падтрымку Алега Сянцова. У іх удзельнічаюць навукоўцы, пісьменьнікі, муніцыпальныя дэпутаты і грамадзянскія актывісты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG