Удзень 18 верасьня ў Менску праваахоўнікі спрабавалі спыніць аўтамабіль Audi A80 з расейскімі нумарамі — відавочцы публікавалі відэа таго, як ля мэтро «Маладзёжная» міліцыянты літаральна чапляліся рукамі за машыну і стралялі па колах.
Паводле ГУУС Менгарвыканкаму, пагоня трывала яшчэ ад вёскі Лашаны, што на паўдарозе ад Радашковічаў да Менску. Кіроўца ня выканаў патрабаваньня ДАІ спыніцца, за ім пагналіся, зноў і зноў патрабавалі спыніцца. У раёне Заслаўя, піша ГУУС, «з тэхнічных прычынаў» аўтамабіль ДАІ ня змог прадоўжыць перасьлед, перадаў зьвесткі ў дзяжурную частку.
Менскія супрацоўнікі ДАІ заўважылі аўта на МКАД у раёне вуліцы Ціміразева. Кіроўца зноў не падпарадкаваўся патрабаваньням спыніцца, паехаў далей, збочыў да паркоўкі ля гандлёвага цэнтру «Карона».
Там і здымалі відэа са стралянінай — паводле міліцэйскага сайту, інспэктар ужыў табэльную зброю, бо «дзеяньні кіроўцы стваралі рэальную пагрозу жыцьцю і здароўю грамадзянаў». Але «захады не дазволілі спыніць супрацьпраўныя дзеяньні» (са спасылкай на відавочцаў паведамлялася, што стралялі па колах, але, падобна, не пацэлілі ні ў машыну, ні ў выпадковых мінакоў).
Пагоня працягнулася ў бок Кальварыйскай. На вуліцы Жудро кіроўцу ўдалося спыніць — міліцэйскія машыны манэўравалі перад ім, ён урэзаўся ў прыпаркаваны на сустрэчнай паласе аўтамабіль.
Цьвярозы беларускі пэнсіянэр
Кіроўцу пасьля гэтага ўдалося затрымаць. Хоць машына мела расейскую рэгістрацыю, выявілася, што кіраваў ёй грамадзянін Беларусі. Мужчына 1953 году нараджэньня быў цьвярозы, меў правы адпаведнай катэгорыі. Чаму ён уцякаў, ён ня змог растлумачыць.
Па факце здарэньня, піша ГУУС Менгарвыканкаму, праводзіцца праверка. Што пагражае кіроўцу, не паведамляецца.