Юрыст Ігар Случак, вядомы ў байнэце пад мянушкай «моўны інспэктар», кажа, што рэчыцкая міліцыя праводзіла праверку ягонай публікацыі на прадмет распальваньня «расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Заяву на Случака напісаў колішні сябар «Гавары праўду» Дзяніс Сьцепаненка.
Спойлер: прыкметаў злачынства ці правапарушэньня міліцыя ня выявіла.
Пра што гаворка?
Сёлета Ігар Случак меў камэа-ролю ў кліпе Аліны Нагорнай, якая запісала кавэр «Бацька Ў» на песьню гурту «Кіно». У кліпе Случак прыцягнуў «беларусафобушак» да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне моўнага заканадаўства.
На пачатку 2018 году Сьцепаненка таксама прасіў праверыць адзін з артыкулаў «моўнага інспэктара». Пра якую менавіта публікацыю ідзе гаворка, Случак ня ведае, Сьцепаненка яе таксама не назваў.
Пазоўнік лічыць, што міліцыя «не працуе»
Дзяніс Сьцепаненка сказаў Свабодзе, што з рашэньнем рэчыцкай міліцыяй ня згодны, бо яна «не працуе», і ён будзе абскарджваць вынікі праверкі. Таксама ён напіша заявы ў Рэчыцкі РАУС — на Случака за распаўсюд асабістых дадзеных; Міністэрства інфармацыі — каб правялі экспэртызу кліпа «Бацька Ў» на «экстрэмізм».
«Спроба пасварыць беларускамоўных і расейскамоўных — гэта экстрэмізм», — сказаў Сьцепаненка.
Сьцепаненка адзначыў, што варожасьць у кліпе распальваў не Случак, але не патлумачыў, чаму хоча прыцягнуць «моўнага інспэктара» да адказнасьці. Вось што ў кліпе Сьцепаненку не спадабалася:
- Словы «Мова ў нас расейская, тата — Уладзімір Пуцін», бо апошні — «прадстаўнік Расейскай Фэдэрацыі».
- Словы «Яны пісалі „ЎКантакце“, што беларуская мова гаўно», бо гэта абраза (каго ці чаго — не ўдакладніў).
- У відэа Случак прыцягвае да адказнасьці расейскамоўных за парушэньне моўнага заканадаўства.
- Словы «Мова ў нас беларуская, тата — Булак-Балаховіч», бо ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, а ў кліпе праслаўляецца «нацыяналіст».
Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці паводле арт. 130 КК Беларусі можа карацца:
- штрафам;
- арыштам;
- абмежаваньнем волі — да 5 гадоў;
- турмой — да 12 гадоў.