Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская фэдэрацыя футболу папрасіла заўзятараў «адмовіцца ад палітычных лёзунгаў»


Беларуская фэдэрацыя футбола (АБФФ) выступіла са зваротам да актыўных заўзятараў «па сьлядах інцыдэнтаў падчас верасьнёўскіх матчаў Лігі нацый УЭФА».

У звароце выказваецца падзяка за падтрымку нацыянальнай каманды на матчах Лігі нацый супраць камандаў Сан-Марына і Малдовы, аднак «з жалем канстатуецца», што праз «супрацьпраўныя дзеяньні» заўзятараў, якія дэлегат УЭФА зафіксаваў падчас матчу 8 верасьня на стадыёне «Дынама» і ў ходзе выязной гульні ў Кішынёве 11 верасьня, «зь вялікай доляй верагоднасьці па выніках пасяджэньня дысцыплінарных органаў УЭФА на АБФФ будуць накладзеныя санкцыі».

Паколькі 2 і 15 кастрычніка на стадыёне «Дынама» зборная Беларусі мае правесьці матчы супраць Люксэмбургу і Малдовы, Беларуская фэдэрацыя футболу заклікае заўзятараў адмовіцца ад выкарыстаньня піратэхнікі і «воклічаў палітычнага кшталту» на футбольных матчах любога рангу ўнутры краіны, а таксама за яе межамі, бо «з улікам інцыдэнтаў паўторныя запісы ў справаздачах дэлегатаў могуць прывесьці да больш жорсткіх санкцыяў з боку УЭФА».

Таксама ў заяве нагадваецца пра «недапушчальнасьць распальваньня нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, прапаганды выключнасьці, перавагі альбо непаўнавартаснасьці грамадзянаў па прыкмеце іх нацыянальнай прыналежнасьці».

На стартавы матч новага эўрапейскага каманднага турніру Лігі нацый паміж зборнымі Беларусі і Сан-Марына 8 верасьня некаторыя заўзятары прыйшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і падчас матчу некаторы час скандавалі «Хто ня скача, той маскаль!», а бліжэй да канца матчу запалілі піратэхніку. Пасьля таго, як байцы АМАПу затрымалі і вывелі з трыбунаў менскага стадыёну некалькі чалавек, фанацкая трыбуна выканала песьню Сяргея Міхалка «Воіны сьвета».

У Беларусі чатыры Youtube-відэазапісы з Дня Волі ў 2015 годзе са скокамі пад крыкі «Хто ня скача, той маскаль» унесеныя ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра ўключэньне іншых матэрыялаў (у тым ліку відэа з таго дня) з гэтай фармулёўкай у сьпіс «экстрэмісцкіх» не паведамлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG