Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легендарныя «беларускія» дамкі ў Вільні зьнесьлі, каб збудаваць жылы комплекс


Беларускія дамкі ў Вільні, якія належалі Друйскай парафіі (архіўнае фота)
Беларускія дамкі ў Вільні, якія належалі Друйскай парафіі (архіўнае фота)

Віленскія ўлады далі дазвол на будаўніцтва двух жылых дамоў з элітнымі кватэрамі на вуліцы Жыгімонтаў (Žygimantų). Пра гэта пішуць літоўскія мэдыя. Такім чынам завяршаецца гісторыя нацыянальнага асяродку, дзе на пачатку 1990-х віравала беларускае жыцьцё, працавала рэдакцыя адроджанай «Нашай нівы».

Згодна з праектнай дакумэнтацыяй, падрыхтоўчыя работы пачнуцца ўжо гэтай восеньню, завершыць іх мяркуюць у 2020 годзе. Інвэстыцыі кампаніі-забудоўніка Rewo складуць амаль 17 мільёнаў эўра.

Актывістаў сапсавалі квадратныя мэтры

Як пацьвердзілі Свабодзе беларускія актывісты ў Вільні, тры дамкі, якія належалі Друйскай парафіі, ужо зьнесьлі. У міжваенны час дзякуючы ахвяраваньням княгіні Магдалены Радзівіл іх набылі друйскія ксяндзы-марыяне.

Кляштар айцоў марыян дзейнічаў у Друі цягам 1923-39 гадоў і быў заснаваны віленскім біскупам і генэралам ордэна Матулевічам. У сярэдзіне 1930-х друйскія марыяне адкрылі ў Вільні дом студый, куды накіроўваліся выпускнікі гімназіі. Там манахі фінансава падтрымлівалі Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, садзейнічалі адкрыцьцю беларускай друкарні імя Францішка Скарыны, спрыялі выданьню беларускай перыёдыкі і літаратуры.

Менавіта на падставе беларускай прывязкі ў першыя гады незалежнасьці рашэньнем Віленскага гарадзкой рады частку нерухомасьці перадалі Таварыству беларускай культуры ў Літве — звыш 200 квадратных мэтраў павінна было хапіць для супольнага выкарыстаньня ўсімі беларускімі арганізацыямі. Галоўным апэратарам у кантактаваньні паміж зацікаўленымі бакамі быў выбраны тагачасны кіраўнік ТБК Хведар Нюнька.

Ад пачатку 1990-х для беларусаў зь «вялікай зямлі» гістарычная Вільня пачала наўпрост асацыявацца з адрасам на Жыгімонтаў, 12. Тут атабарылася адроджаная ў 1991-м газэта «Наша Ніва», прайшлі паседжаньні Рады БНР. У 1994 годзе сюды наведаўся тагачасны міністар замежных справаў Пятро Краўчанка, які выказаў непрыхаванае задавальненьне ад зьяўленьня важнай культурніцкай пляцоўкі.

Аднак неўзабаве ў беларускай грамадзе пачаліся ўнутраныя рознагалосьсі. Новых пастаяльцаў спадар Нюнька на сваю тэрыторыю не дапускаў, будынкі пачалі камэрцыялізавацца. У 1995 годзе на знак нязгоды прастору пакінуў галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец.

У 1998-м Таварыства беларускай культуры зарэгістравала дамкі як прыватную ўласнасьць, што для многіх актывістаў стала навіной толькі празь нейкі час. Ужо ў першай палове нулявых пачаліся размовы пра аварыйны стан будынкаў і значныя камунальныя выдаткі, у сувязі з чым было прынятае рашэньне пра «апраўданы разьмен». З самага цэнтру Вільні, са старасьвецкіх дамоў ТБК «без даплаты» перасялілася на вуліцу Бролю, у навабуды «савецкай» ускраіны. Фактычна памяняліся адрасамі зь фірмай Statyba ir nekilnojamas turtas, якая займалася будаўнічым бізнэсам.

Разьлік на справядлівасьць ня спраўдзіўся

У 2014 годзе на пазоў шэрагу сяброў Таварыства беларускай культуры ануляваць акт абмену Генэральная пракуратура Літвы распачала крымінальную справу аб змарнаваньні маёмасьці, перадачы трэцім асобам па заведама заніжаных цэнах і яшчэ паводле цэлага шэрагу іншых артыкулаў.

Не чакаючы судовага вэрдыкту, камэрсанты выставілі дамкі на продаж. Пакупнік, які праявіў цікавасьць да «аварыйнай нерухомасьці», знайшоўся хутка. Кошт аўкцыённай угоды — прыкладна 2 мільёны эўра. На час суду зьдзелка была прыпыненая, але дамагчыся справядлівасьці апанэнтам Хведара Нюнькі не ўдалося. А днямі будынкі пайшлі пад знос.

Як паведамілі беларускія актывісты, дэпартамэнт аховы помнікаў пагражаў санкцыямі і патрабаваў аднавіць гістарычныя аб’екты, але камэрсанты перамаглі. Друйская парафія, якая ў свой час была ўласьнікам пабудоваў, свае маёмасныя правы так і не агучыла.

Тым часам распрацоўнік праекту забудовы на месцы зьнесеных дамкоў запэўнівае, што сучасныя шматпавярховікі арганічна ўпішуцца ў стылістыку старога гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG