Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі рызыкнеце»: Лукашэнка прапанаваў Узбэкістану збудаваць амбасаду насупраць Палацу Незалежнасьці


Палац Незалежнасьці, архіўнае фота
Палац Незалежнасьці, архіўнае фота

На перамовах з прэзыдэнтам Узбэкістану Шаўкатам Мірзіёевым 13 верасьня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў збудаваць узбэцкую амбасаду ў Менску насупраць сваёй рэзыдэнцыі — Палаца Незалежнасьці, піша ягоная прэс-служба.

Цяпер амбасада Ўзбэкістану знаходзіцца ў Менску ня так і далёка ад таго палацу — у чэрвені яна адкрылася ў Драздах, за «Арэна-Сіці», у прыватным доме на вуліцы Пакроўскай, 24. Але Лукашэнка прапанаваў збудаваць новы будынак, прычым «ва ўзбэцкім стылі».

«Мы блізкія людзі, — сказаў Лукашэнка Мірзіёеву. — Падбярэм самае лепшае месца насупраць Палацу Незалежнасьці, калі вы рызыкнеце [збудаваць] ва ўзбэцкім стылі прыгожую амбасаду, як вы будуеце палацы».

Палац Незалежнасьці, архіўнае фота
Палац Незалежнасьці, архіўнае фота

Дзе менавіта прапануецца збудаваць амбасаду, незразумела, але вольныя пляцоўкі побач ёсьць. На поўначы ад Палацу Незалежнасьці – незабудаваны парк (побач зь ім – комплекс «Дрымлэнд»), на поўдні – пустая пляцоўка побач з амбасадай Туркмэністану (які параўноўваюць з палацам) і гандлёвым цэнтрам «Замак».

Мірзіёеў паабяцаў разглядзець прапанову. Лукашэнка дадаў, што падтрымае будаўніцтва «зь вялікай асалодай», каб ва Ўзбэкістана быў «у цэнтры Эўропы свой кавалачак зямлі», адкуль краіна зможа «працаваць на ўвесь эўрапейскі рэгіён».

Тым часам за першую палову 2018 году таваразварот паміж Беларусьсю і Ўзбэкістанам дасягнуў 90 млн даляраў – вырас на 82% да таго ж пэрыяду мінулага году.

Але гэта далёка не найбуйнейшы гандлёвы партнэр Беларусі, толькі замыкае трэцюю дзясятку паводле таваразвароту. Столькі ж Беларусь гандлюе з Ізраілем (+25%), Эквадорам (+112%) і Вугоршчынай (+9%), па аб’ёмах таваразвароту Ўзбэкістан ужо абагнала Эстонія (107 млн даляраў, +231,5%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG