За восем месяцаў гэтага года чысты вываз капіталу з Расеі склаў больш за 26 мільярдаў даляраў. Гэта амаль у тры разы больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага года і амаль палова ВУП Беларусі ($48 млрд). Такія дадзеныя прыводзіць Цэнтрабанк Расеі.
Абвал на рынку расейскага дзярждоўгу, рэзкае паслабленьне рубля і ўцёкі капіталу адбываюцца з таго моманту, як ЗША анансавалі прыняцьце цэлага шэрагу санкцый, якія могуць у тым ліку забараніць апэрацыі з расейскім дзярждоўгам.
З красавіка, калі пад санкцыі ЗША трапілі Алег Дзерыпаска і іншыя расейскія бізнэсоўцы, Аблігацыі фэдэральнага займу страцілі 12% кошту. З прычыны абясцэньваньня гэтых папер расейскія банкі выводзяць аблігацыі са сваіх балянсаў як «таксычны актыў», вынікае з апублікаванага ў аўторак агляду Raiffeisenbank.