Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З усіх бегуноў са сьцягамі на менскім паўмаратоне затрымалі толькі за беларускі


Грамадзкі актывіст, мэнэджэр некамэрцыйных праектаў Уладзь Сташкевіч прабег менскі паўмаратон, як і летась, зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах. Летась яго не чапалі, сёлета затрымалі.

Уладзь удзельнічае ў паўмаратоне трэці год. Сёлета, як і летась, ён бег дыстанцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам. На фінішы, адразу пасьля таго, як яму ўручылі мэдаль, людзі ў цывільным адвялі яго ў аўтазак.

— Як і летась, і ўдзельнікі маратону, і гледачы мяне вельмі падтрымлівалі. Мне крычалі: «Жыве Беларусь!», я адказваў: «Жыве вечна!» Пэрыядычна людзі падбягалі, рабілі сэлфі са мной, я таксама накідваў на іх сьцяг, паціскалі мне руку. Вельмі пазытыўна рэагавалі і самі бегуны, і гледачы.

— І якая была іх рэакцыя, калі вас затрымлівалі?

— Пасьля фінішу ўсе ўдзельнікі павольна праходзяць мэтраў сто, ім даюць бутэлечку вады і вешаюць мэдаль. І адразу пасьля гэтага мяне ўзялі пад рукі людзі ў цывільным: «Пройдзем!». Гэта прайшло ціха і незаўважна.

У аўтазаку «цывільныя» задавалі пераважна адно пытаньне: «Навошта?» Уладзь патлумачыў, што такім чынам адзначае сёлетнія 100 гадоў БНР. Многія людзі беглі са сьцягамі сваіх краінаў і карпарацыйных брэндаў. Да іх пытаньняў не было.

Сташкевіча адвезьлі ў пастарунак «для высьвятленьня асобы», склалі пратакол за «бег са сьцягам» і паабяцалі разабрацца, ці ёсьць у гэтым склад адміністрацыйнага правапарушэньня, пазьней.

У пастарунку адчуваў прыязнае стаўленьне, на разьвітаньне паціснулі руку і пажадалі посьпехаў

Уладзь Сташкевіч падкрэсьлівае, што ў пастарунку адчуваў прыязнае стаўленьне, на разьвітаньне яму паціснулі руку і пажадалі посьпехаў.

Летась Уладзь Сташкевіч прыйшоў на марш недармаедаў з чырвона-зялёным дзяржаўным сьцягам.

— Я хацеў паказаць, што мы адзіны народ, каб зьняць пэўныя псыхалягічныя бар’еры і паказаць нашую адкрытасьць да людзей з рознымі поглядамі, якія падзяляюць нашыя мэты.

Сёлета Уладзь Сташкевіч прабег 21,2 км за 1 гадзіну 55 хвілінаў — на 4 хвіліны хутчэй, чым летась.

— Паўзы на «сэлфі» з гледачамі нашмат пагоршылі ваш вынік?

— Ёсьць такое, хвілінаў на 10 мог бы прабегчы хутчэй. Але ж я не за мэдалі змагаюся, а прасоўваю нашы каштоўнасьці. Шмат людзей пабачылі, што ня толькі апазыцыя, але і спартоўцы падтрымліваюць бел-чырвона-белы сьцяг.

Паўмаратон — забег на дыстанцыю 21 км 97,5 мэтраў. Першы менскі паўмаратон прайшоў у 2013 годзе. Сёлета ў ім удзельнічалі каля 35 тысяч аматараў бегу. Перамог бягун з Этыёпіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG