Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адно самагубства. Цела 26-гадовага вайскоўца знайшлі ў лесе на Горадзеншчыне

абноўлена

Сяргей Ясюкевіч. Фота са старонкі ва «ЎКантакце»
Сяргей Ясюкевіч. Фота са старонкі ва «ЎКантакце»

У лясным масіве ў Горадзенскай вобласьці знойдзена цела вайскоўца зь перадсьмяротнай запіскай, паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі ў нядзелю.

«8 верасьня каля 18.00 у лясным масіве знойдзена цела вайскоўца адной з вайсковых частак Горадзенскага гарнізона, які 5 верасьня пакінуў вайсковую частку і знаходзіцца ў вышуку», — праінфармавалі ў Мінабароны.

Ваеннаслужачы 1991 года нараджэньня, праслужыў каля 16 месяцаў.

«Па выніках папярэдніх сьледчых дзеяньняў, прычына сьмерці мае асабліва асабісты характар, пра што сьведчыць знойдзеная пры ім перадсьмяротная запіска», — праінфармавалі ў ведамстве.

Сьледчы камітэт і камісія Мінабароны праводзяць праверку па факце гібелі.

У дзяжурнай частцы вайсковага камісарыяту Горадзенскай вобласьці Свабодзе пацьвердзілі факт суіцыду, але ад дадатковых камэнтароў адмовіліся.

«Камандаваньне будзе ў панядзелак, тады, магчыма, зьявіцца новая інфармацыя», — адказаў дзяжурны на просьбу ўдакладніць узрост салдата, які зьдзейсьніў самагубства, і паведаміць, калі і дзе адбудзецца пахаваньне.

Стрыечная сястра: Сяргей прасіў мяне пераводзіць грошы на невядомую картку

Са Свабодай зьвязалася стрыечная сястра салдата Вольга. Яна паведаміла, што імя загінулага Сяргей Сяргеевіч Ясюкевіч, ён нарадзіўся 17 сьнежня 1991 году.

«Ён чалавек нялёгкага лёсу. У маладым узросьце трапіў пад уплыў кепскай кампаніі і два разы быў судзімы за крадзеж. Але ў турме ня быў, у якасьці пакараньня было вольнае пасяленьне. Калі вярнуўся, троху працаваў у Маскве.

Калі яму было 25 гадоў, некалькі разоў казаў мне, што хоча пайсьці ў войска і застацца там працаваць па кантракце. Але праблема ў тым, што з судзімасьцю вельмі цяжка трапіць у войска. Ведаю, што ён некалькі разоў да ваенкама ў Навагрудак, прасіўся. У выніку ўзялі, пачаў служыць», — распавяла Вольга.

Яна ўдакладніла, што Сяргей Ясюкевіч нарадзіўся ў вёсцы Ятра, пад Навагрудкам. Яго бацька даўно памёр, маці цяпер жыве ў Навагрудку разам з дачкой.

«Падчас яго службы мы трымалі кантакт, перапісваліся ў «ВКонтакте». Ён пэрыядычна прасіў грошы — то 10, то 20, а то і 50 рублёў. Калі пытала, навошта, адказваў няўцямна, маўляў на цыгарэты. Ён дасылаў мне нумар карткі ці невядомыя мне нумары тэлефонаў, куды трэба было перавесьці грошы. Памятаю, што я нават абуралася, чалавек жа нібыта знаходзіцца на дзяржаўным забесьпячэньні, а тут немалыя грошы просіць», — дадала Вольга.

Далей жанчына сказала, што ёй вядома пра тое, што Сяргею ў чэрвені прастрэлілі руку, ён знаходзіўся на лячэньні ў Менску.

«У афіцыйнай заяве гаворыцца, што Сяргей зьнік у сераду, 5 верасьня. Наша сям'я лічыць, што гэта не зусім так. Справа ў тым, што ўжо некалькі тыдняў мне, а таксама яго роднай сястры, якая жыве ў Навагрудку, і брату, які жыве ў Маскве, тэлефануюць з вайсковых органаў і пытаюцца, ці ня ведаем мы, дзе Сяргей, а таксама, з кім ён камунікаваў. Да яго роднай сястра, якая цяпер знаходзіцца ў радзільным доме на захаваньні, прыходзілі вайскоўцы і пыталіся, дзе Сяргей. У гэтай гісторыі вельмі шмат нявысьветленага, і я нават ня ведаю, што думаць. Пра сьмерць Сяргея мне сказаў брат з Маскву, яму тады пазванілі і паведамілі», — дадала Вольга.

Яна сказала, што ня верыць афіцыйнай вэрсіі Мінабароны і зьвязвае сьмерць брата з пазастатутнымі адносінамі ў частцы.

5 верасня ў адной з вайсковых частак Слонімскага гарнізона зьдзейсьніў суіцыд 20-гадовы салдат тэрміновай службы Аляксандар Арлоў, да заканчэння службы якому заставалася крыху больш за паўгады. Паводле інфармацыі Мінабароны, «папярэдне прычына суіцыду абумоўлена асабістымі абставінамі і не зьвязаная з праходжаньнем вайсковай службы».

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG