Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцаў Курапатаў Вінярскага і Ўрбановіча пакаралі «суткамі» за вахту 1 верасьня


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах

Удзельнікі акцыі пратэсту 1 верасьня каля рэстарана «Поедем поедим» у Курапатах Дзяніс Урбановіч і Максім Вінярскі прызнаныя вінаватымі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і асуджаныя на 7 і 10 сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна.

Яшчэ адзін актывіст, Піліп Шаўроў, прызнаў віну і быў аштрафаваны на 20 базавых велічынь (490 беларускіх рублёў).

Адпаведнае рашэньне 3 верасьня вынес Менскі раённы суд.

Актывісты былі затрыманыя ўвечары 1 верасьня каля Курапатаў і адбылі два дні ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Затрыманьню Дзяніса Ўрбановіча, Максіма Вінярскага і Піліпа Шаўрова папярэднічала іх бойка з ахоўнікам рэстарану, якую пікетоўцы лічаць правакацыяй.

Адметна, што суд адмовіўся праглядаць відэазапіс здарэньня зь відэакамэр, якія знаходзяцца на тэрыторыі рэстарацыі. «Бо не ўказалі, дзе знаходзіцца відэазапіс». Максім Вінярскі лічыць гэты аргумэнт суду штучным і кажа, што лішні раз пераканаўся: ўлады не прытрымліваюцца нэўтралітэту ў канфлікце актывістаў з уласьнікамі «Поедем поедим», а абараняюць іхныя інтарэсы.

Максім Вінярскі і Дзяніс Урбановіч за час пікетаваньня рэстарацыі ў Курапатах асуджаныя да адміністрацыйнага арышту ўжо трэці раз.

Вінярскі: Чаму міліцыянты затрымалі нас, але не правакатара бойкі?

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі не прызнаў сваёй віны і заявіў суду, што складзены на яго пратакол — частка ціску за ўдзел у акцыях пратэсту супраць рэстарану.

Максім Вінярскі
Максім Вінярскі

«Нас затрымалі з ужываньнем сілы, а цяпер гэта адмаўляюць», — сказаў на судзе Вінярскі.

Паводле актывіста, міліцыянты груба адштурхнулі пікетоўцаў з дарогі падчас сутычкі з ахоўнікам Саматычыным і гвалтам зацягнулі іх у міліцэйскі аўтобус, прычым у затрыманьні бралі ўдзел супрацоўнікі АМАПу. «Але ахоўніка рэстарана, які кідаўся на нас з кулакамі, яны не затрымалі», — сказаў Вінярскі. Паводле актывіста, менавіта ахоўнік распачаў канфлікт.

«Ён спрабаваў праехаць проста празь пікетоўцаў, лаяўся і абражаў нас нецэнзурнымі словамі», — сказаў Вінярскі пра ахоўніка.

Тое, што актывісты не прапускалі аўтамабіль Саматычына, Максім Вінярскі парушэньнем ня лічыць. «Гэта сэнс блякады — не пускаць аўтамабілі туды, дзе знаходзіцца рэстаран, які ганьбіць сьвятое месца — Курапаты», — патлумачыў суду актывіст. Паводле Вінярскага, супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго, а таксама Дзяніса Ўрбановіча і Піліпа Шаўрова беспадстаўна, а потым у аўтобусе пагражалі ім.

Урбановіч таксама не прызнаў сваёй віны ў судзе.

Супрацоўнік ДАІ: «Грубай фізычнай сілы міліцыянты не ўжывалі»

Супрацоўнік ДАІ Сьвярдлоў сказаў суду, што «грубай фізычнай сілы ў дачыненьні да Вінярскага ды іншых пікетоўцаў» міліцыянты не ўжывалі. Сьвярдлоў засьведчыў, што Вінярскі зь пікетоўцамі адмовіліся выканаць іх загад — пакінуць праезную частку.

«Іх папярэдзілі, што калі ня выканаюць наш загад, да іх будзе ўжытая фізычная сіла і спэцсродкі. Але да гэтага не дайшло», — сказаў сьведка і пры гэтым заявіў, што затрыманьне актывістаў праходзіла безь яго. Дзе знаходзіцца службовы відэазапіс затрыманьня пікетоўцаў, сьведку невядома: «Усе пытаньні — да майго кіраўніцтва».

Максім Вінярскі назваў паказаньні сьведкі — супрацоўніка ДАІ ілжывымі.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG