Напярэдадні 20 гадавіны сайту Charter97.org яго рэдактарка Натальля Радзіна выступіла са зваротам, у якім папрасіла чытачоў аб тэрміновай фінансавай дапамозе.
Радзіна паведаміла, што апошнім часам скарацілася фінансаваньне сайту з боку міжнародных спонсараў.
«Блякаваньне Charter97.org у Беларусі дзіўным чынам супала з тым, што нам сталі адмаўляць у дапамозе міжнародныя фонды, якія займаюцца падтрымкай СМІ ў Беларусі. Такім жа дзіўным чынам у гэты час значна ўзрасла фінансавая дапамога Эўразьвяза дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі. Толькі апошнім часам у рамках тэхнічнай дапамогі ЭЗ дыктатура атрымала больш за сотні мільёнаў эўра» — піша рэдактарка «Хартыі».
На яе думку «незалежныя СМІ Беларусі выявіліся для дэмакратычнага Захаду не такімі важнымі, як, напрыклад, сабакі беларускіх мытнікаў». Яна спасылаецца на інфармацыю пра тое, што ЭЗ выдасьць беларускай мытні грантавую дапамогу на суму ў 130 тысяч эўра на ўзмацненьне кіналягічнай службы.
Радзіна выказвае ўдзячнасьць Польшчы і Літве за дапамогу ў апошнія гады, аднак адзначае, што гэтая дапамога ня можа цалкам кампэнсаваць выдаткі рэдакцыі, а блякаваньне сайта ў Беларусі ды Расеі пазбаўляе сайт магчымасьці самафінансаваньня.
«Сёньня праз значнае скарачэньне фінансаваньня праца сайта Сharter97.org знаходзіцца пад пагрозай. І гэта пры тым, што „Хартыя-97“ зьяўляецца лідэрам сярод беларускіх незалежных мэдыя і мае вялікую аўдыторыю ў Беларусі, рэгіёне і сьвеце. Калі сёньня не выратаваць наш з вамі сайт, то я ўпэўненая, што заўтра спыніцца цалкам нават тая невялікая падтрымка незалежных мэдыя ў Беларусі, якая пакуль яшчэ мае месца» — піша Радзіна.
У звароце падаюцца рэквізыты рахункаў, празь якія можна аказаць сайту фінансавую дапамогу.
***
«Хартыяʼ97» — навінавы інтэрнэт-партал на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай, адно з самых папулярных беларускіх інтэрнэт-выданьняў. Паводле сайту SimilarWeb у ліпені 2018 году сайт меў 3.3 мільёна наведнікаў. «Хартыяʼ97» была створаная 11 верасьня 1998 году журналістам Алегам Бябеніным, які, паводле афіцыйнай вэрсіі, скончыў жыцьцё самазабойствам у верасьні 2010 году. 24 студзеня 2018 году, згодна з рашэньнем міністэрства інфармацыі Беларусі сайт chapter97.org быў заблякаваны ў Беларусі.