Абаронцы Курапатаў сьцьвярджаюць, што бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч нападаў на іх ля рэстарацыі «Поедем поедим». Сам ён гэта зьняпраўджвае: «Ён на мяне наляцеў, я яго адштурхнуў». Міліцыя паабяцала праверку, магчымая крымінальная справа.
Як расказала Свабодзе актывістка Ганна Шапуцька, бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч прыехаў у рэстарацыю «Поедим поедим» у Курапатах на Bentley, выйшаў з машыны і выбіў зь яе рук фотаапарат. Пасьля ён нібыта накінуўся на актывіста Дзяніса Ўрбановіча, гэта Шапуцька запісала на відэа. Па здарэньні абаронцы Курапатаў выклікалі міліцыю і ДАІ.
«Выскоквае разьюшаны мужчына і кідаецца да мяне з кулакамі», — Урбановіч
Актывіст Дзяніс Урбановіч расказаў Свабодзе падрабязнасьці інцыдэнту, які адбыўся 29 жніўня ўвечары ля рэстарацыі «Поедем поедим» паміж абаронцамі Курапатаў і бізнэсоўцам Аркадзем Ізраілевічам.
Паводле пікетоўцаў, учора ў «Поедем поедим» праходзіла сустрэча ўласьнікаў рэстарацыі і прадпрымальнікаў, датычных да гэтага бізнэсу. Такую выснову асабіста Дзяніс зрабіў з таго, што ў рэстарацыю адзін за адным прыяжджалі бізнэсоўцы на дарагіх аўтамабілях, у тым ліку і асноўны ўласьнік рэстарацыі Леанід Зайдэс, якога актывісты ведаюць з твару.
Пікетоўцы стаялі на праезнай частцы, таму тыя аўтамабілі не спрабавалі праехаць. Іх уладальнікі праходзілі ў рэстарацыю пехатой, кажа Урбановіч, але Ізраілевіч дзейнічаў іначай.
«Раптам прыехала чорная дарагая „Бэнтлі“ з нумарам 7777МІ7, — расказвае Урбановіч. — Паспрабавала праехаць, упёрлася ў наш пікет. Я падышоў да пярэдніх дзьвярэй з буклетам пра Курапаты, але ніхто не адчыніў. Разварочваюся і іду ад аўтамабіля, як з задніх дзьвярэй выскоквае разьюшаны мужчына і кідаецца да мяне з кулакамі. У той момант нехта з пікетоўцаў сказаў, што гэта і ёсьць Ізраілевіч і што ён сюды прыехаў, а ў суд не зьявіўся. І вось гэты чалавек на мяне кідаецца з кулакамі, хаця я асабіста яму слова не сказаў».
Урбановіч пасьпеў толькі запытаць Ізраілевіча, чаму ён махае кулакамі.
«Дзейнічаў ён натрэніравана, было відаць, што займаўся нейкім адзінаборствам, — кажа актывіст. — Ад першага удару ў твар я ўхіліўся, але тады ён мяне дастаў моцным ударам у нагу. Потым, як выклікалі хуткую і доктар агледзеў нагу, аказалася, што ўдарыў да крыві, траўма галёнкі, нага распухла. Ён і на іншых пікетоўцаў кідаўся, выбіваў з рук тэлефон. Дасталася нават жанчыне — Ганьне Шапуцьцы».
Абаронцы выклікалі міліцыю, Урбановіч напісаў заяву, каб Ізраілевіча прыцягнулі да адказнасьці за зьбіцьцё.
«Сёньня паеду ў мэдычную экспэртызу, засьведчу зьбіцьцё. Калі не завядуць на яго крымінальную справу, дык буду падаваць на яго ў суд прыватным чынам», — заявіў Свабодзе Дзяніс Урбановіч.
Паводле актывіста, Аркадзь Ізраілевіч паводзіў сябе ў канфлікце як правакатар.
«Іншыя наведнікі, як той жа Зайдэс, паставілі свае машыны на ўзбочыне і пайшлі пехатой у рэстарацыю, а гэты на даражэзнай машыне тройчы спрабаваў праехаць празь пікет, — сьцьвярджае Ўрбановіч. — Нават калі міліцыя прыехала, ён зноў ня кінуў свае спробы праехаць. Ды яшчэ і некалькі разоў падскокваў да пікетоўцаў і штурхаўся, нібыта дамагаўся, каб яму далі адлуп. Добра, што ў нас ва ўсіх вытрымалі нэрвы. А ён быў яўна нейкі накручаны і нас правакаваў на бойку».
На самога Ўрбановіча міліцыянты склалі пратакол за парушэньне правілаў дарожнага руху — за знаходжаньне на праезнай частцы (актывісты сьцьвярджаюць, што гэта прыдваравая тэрыторыя незаконнай пабудовы).
«Ён на мяне наляцеў, я яго адштурхнуў», — Ізраілевіч
Аркадзь Ізраілевіч сказаў Свабодзе, што сапраўды прыехаў у рэстарацыю на Bentley і выйшаў з машыны, бо абаронцы падышлі да яе. Фотаапарат з рук Шапуцькі Ізраілевіч не выбіваў, маўляў, той бы разьбіўся. Паводле яго, Урбановіч нібыта сеў на капот машыны і стаў драпаць яе. Магчымае зьбіцьцё актывіста бізнэсовец назваў абарончай рэакцыяй, бо «машына дарагая».
На пытаньне Свабоды, ці ён ударыў Урбановіча, Ізраілевіч адказаў: «Ды не, гэта ўсё паклёп».
«Ён на мяне наляцеў, я яго адштурхнуў», — дадаў Ізраілевіч.
Бізнэсовец сьцьвярджае, што міліцыю выклікаў ён. Па прыезьдзе міліцыі бізнэсовец настаяў на праверцы алькатэстэрам, бо абаронцы нібыта настойвалі, што ён п’яны. Праверка паказала, што Ізраілевіч цьвярозы.
Міліцыя паабяцала праверку, магчымая крымінальная справа
У Бараўлянскім раённым аддзеле міліцыі пацьвердзілі, што выклік пра здарэньне ў Курапатах быў, туды выяжджалі супрацоўнікі.
У міліцыі сказалі, што будзе паведзеная праверка заявы Ўрбановіча аб зьбіцьці. Праверку праводзіць участковы Віталь Асіповіч. Па выніках праверкі будзе вырашацца, ці завядуць на Ізраілевіча крымінальную справу.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.