Мастацтва адпачынку. Адказы і парады.
Віталь Гуркоў – саліст гурту Brutto і дванаццаціразовы чэмпіён сьвету ў тайскім боксе.
Любіў лета ў дзяцінстве: за паездкі на Азоўскае мора.
Ня можа ўявіць лета: без дажджоў.
Слухаў гэтым летам: рок-н-рол і панк.
Ці адпачывалі вы гэтым летам?
Я ня памятаю (сьмяецца). Гэтым летам не атрымалася адпачыць у мяне. Літаральна толькі на мінулым тыдні адпачываў, быў у Кіеве. У нас былі рэпэтыцыі да фэстывалю «Навальніца», які быў 25 жніўня.
Меў шмат вольнага часу, сустрэўся з сябрамі, якіх даўно ня бачыў. Хадзіў на канцэрт гурту «Океан Ельзи» на стадыёне «Олімпійський».
Асабліва адпачынку не было. Было шмат розных спаборніцтваў, былі пэўныя праблемы са здароўем, лячыўся ў Менску. Асабліва нікуды ня езьдзіў гэтым летам.
Некалькі момантаў засталося вырашыць наконт рамонту і абсталяваньня баксэрскай залі.
Які найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Мне падабалася, калі мы ўсёй сям’ёй штолета ехалі ва Ўкраіну да сваякоў на Азоўскае мора ва Ўрзуф. Гэта быў для мяне сапраўдны адпачынак. Гэта было сапраўднае падарожжа, ехалі звычайна на машыне. Рабілі прыпынак, каб пераначаваць з намётам ля якога-небудзь возера. Потым ужо быў выхад на чоўне ў мора, рыба, пляж. Больш за ўсё мне падабалася на чоўне выходзіць у мора і парк атракцыёнаў у пасёлку.
Безь якіх рэчаў вы ня можаце ўявіць лета?
Без дажджоў (сьмяецца).
Якую музыку слухалі гэтым летам?
Музыка гэтым летам вярнулася з тых часоў, калі я вучыўся на першым-другім курсе ўнівэрсытэту. Гэта клясычныя рок-н-рольныя ці панк-гурты. Тое, што я слухаў у маладым узросьце, больш захапіла мяне.
Якога адпачынку мары вы б хацелі?
Не хацеў бы. Са мной вельмі сумна размаўляць наконт адпачынку, бо я няшмат дзе быў і ня вельмі ўмею адпачываць. Я ведаю, як працаваць, як трэнавацца. Можа і таму часам у мяне нецікавыя адпачынкі атрымліваюцца.
Што параіце людзям, якія не адпачывалі летам?
Хай трымаюцца (сьмяецца).